Канстытуцыйны суд не стаў разбірацца з парушэннем правоў Андрэя Гайдукова
Актывіст БХД Андрэй Гайдукоў атрымаў адказ з Канстытуцыйнага суда на свой зварот па пытанні супярэчнасці рашэння Наваполацкага гарвыканкама ў правядзенні масавага мерапрыемства канстытуцыі і міжнародным дагаворам.
У звароце актывіст паказваў, што Наваполацкі гарвыканкам не ўхваліў яго заяўку на правядзенне пікету ў падтрымку палітвязняў у Беларусі па фармальных падставах: адсутнасці аплаты за паслугі аховы грамадскага парадку.
“Рашэннем Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 верасня 2011 года №858 “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у рашэнне Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 10 снежня 1998г. №942” устаноўлена, што “аплата расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, выконваецца арганізатарам (арганізатарамі) масавых мерапрыемстваў аддзелу ўнутраных спраў гарвыканкама, установе аховы здароўя “Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца”, Наваполацкаму камунальнаму прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і копіі дакументаў аб прадастаўленні названых паслуг накіроўваюцца арганізатарам (арганізатарамі) масавых мерапрыемстваў у гарвыканкам адначасова з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства”, – цытуе рашэнне А. Гайдукоў.
Аднак, спасылаючыся на міжнародныя пагадненні, падпісаныя Беларуссю, Андрэй Гайдукоў звяртае ўвагу Канстытуцыйнага суда, што парадак аплаты накладае абмежаванні на права мірных сходаў і робіць яго залежным ад фінансавага стану заяўніка, што з’яўляецца прамой супярэчнасцю устаноўленаму міжнароднаму і нацыянальнаму заканадаўству. Акрамя таго, прааналізаваўшы міжнародныя нормы і нацыянальнае заканадаўства, заяўнік зрабіў выснову, што прадастаўленае арт. 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, а менавіта арт. 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і яшчэ больш звужаецца рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Актывіст прасіў Канстытуцыйны суд даць ацэнку адпаведнасці арт. 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», Рашэння Наваполацкага выканаўчага камітэта “Аб вызначэнні пастаяннага месца для правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання» і рашэння Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 10.07 0,2015 г. аб адмове ў правядзенне пікету міжнародным нормам і вынесці рашэнне аб ліквідацыі супярэчнасцей у заканадаўстве.
У сваю чаргу Канстытуцыйны суд разглядаць зварот па сутнасці не стаў, а толькі ў чарговы раз спаслаўся на ускосны доступ фізічных і юрыдычных асоб да канстытуцыйнага правасуддзя. І рэкамендаваў звярнуцца “з ініцыятывай аб унясенні прапаноў, разгляд якіх падведамна Канстытуцыйнаму суду, да органаў, якія валодаюць правам унясення такіх прапаноў” і вярнуў прыкладзеныя да звароту матэрыялы.
Не задаволіўшыся адказам Канстытуцыйнага суда, актывіст Андрэй Гайдукоў ужо звярнуўся ў Гарадской Савет дэпутатаў г. Наваполацка з просьбай адмяніць рашэнне Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта № 858 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у рашэнне Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 10.02.1998 г. №942” ад 09.09.2011г., як не адпавядаючае Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які з’яўляецца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства і падлягае непасрэднаму прымяненню.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка адзначае:
“Праблема адвольных працэдурных абмежаванняў права на свабоду мірных сходаў у Беларусі носіць сістэмны характар. Прычым абмежаванні сыходзяць як з закону аб масавых мерапрыемствах, так і з рашэнняў мясцовых выканкамаў, якія яшчэ больш звужаюць фундаментальнае права на сходы.
Напрыклад, Наваполацкі гарвыканкам сваім рашэннем ад 1998 год распрацаваў абсалютна немагчымую працэдуру папярэдняй аплаты за масавае мерапрыемства сэрвісным службам, але падставаў для заключэння такіх дагавароў няма без дазволу выканкама. Атрымліваецца замкнёнае кола, якое выключае любую магчымасць рэалізацыі свайго права. Да таго ж, названае рашэнне 1998 года адсутнічае ў свабодным доступе, ад таго грамадзяне проста не могуць ведаць такіх нюансаў пры падачы заявы на пікет.
Па выніках спробаў звароту у Канстытуцыйны суд бачна агульная пазіцыя дзяржавы па гэтым пытанні: ім не хочацца нават разважаць на гэтую тэму. У той жа час, ужо каля ў 40 меркаваннях Камітэта па правах чалавека ААН пацвердзіліся факты наўмыснай дэвальвацыі з боку ўладаў права на мірныя сходы, у першую чаргу праз заканадаўчую працэдуру ў Беларусі і практыку яе рэалізацыі. Але пра гэтую праблему важна актыўна і паслядоўна выказвацца і выкарыстоўваць новыя спосабы адстойвання права на мірныя сходы, гарантаванага міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека з боку Беларусі. Таму будзем чакаць рэакцыі мясцовага Савета дэпутатаў – на чый бок яны стануць?”