Віцебская пракуратура не захацела разбірацца з мясцовымі чарнасоценцамі
Пракуратура Віцебскай вобласці перанакіравала калектыўны зварот жыхароў Віцебскай вобласці наконт дзейнасці ваенізаваных прарасійскіх некамерцыйных арганізацый у Віцебскі абласны выканаўчы камітэт. Пра гэта гаворыцца ў адказе, дасланым каардынатару аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласці Таццяне Севярынец.
Зроблена гэта “для арганізацыі праверкі з прыцягненнем структурных падраздзяленняў аблвыканкама — галоўнага ўпраўлення юстыцыі, упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, упраўлення адукацыі, камісіі па справах непаўналетніх, а таксама органаў унутраных спраў”.
Пра высновы і прынятае рашэнне прапанавана давесці заяўнікам і ў пракуратуру вобласці.
Нагадаем, каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец 27 ліпеня падала ў Віцебскую абласную пракуратуру заяву грамадзян Беларусі па факце дзейнасці ў рэгіёне прарасейскіх арганізацый. Заяву падпісалі жыхары Віцебска, Глыбокага, Оршы, Наваполацка, Віцебскага і Аршанскага раёну ды іншых.