Мінюст не можа адназначна сказаць, ці зарэгістраваў БХД (аўдыё)
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук 14 жніўня патэлефанаваў на прамую тэлефонную лінію з удзелам намесніка начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Аляксеем Печкуровым па тэме “Актуальныя пытанні дзяржаўнай рэгістрацыі і дзейнасці грамадскіх арганізацый”, каб даведацца, як ідзе працэс рэгістрацыі Партыі БХД.
У прыватнасці, ён адзначыў, што 13 чэрвеня адбыўся ўжо пяты ўстаноўчы з’езд Партыі БХД, 13 ліпеня былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю, але дагэтуль няма ніякага адказу з Мінюста. Замест гэтага людзей, якія падпісаліся за заснаванне партыі, чыноўнікі прымушаюць адмаўляцца ад подпісаў.
Аляксей Печкуроў прызнаў, што ў апошнія гады палітычныя партыі ў Беларусі не рэгістраваліся, але заявіў, што Мінюст толькі прымаў рашэнні аб нерэгістрацыі на падставе прадстаўленых дакументаў. Датычна БХД ён адзначыў, што дакументы партыі разглядаліся, але рашэнне пакуль не прынятае і пра яго будзе паведамлена не раней, чым пасля 18 жніўня.
“Зразумела, што папярэдняе рашэнне прынятае. Але яго пакуль баяцца агучваць. Таму прадстаўнік Мінюста пазбягаў канкрэтных адказаў, і абмяжоўваўся толькі агульнымі фразамі. Агулам ад яго склалася ўражанне чалавека, які можа выканаць любы загад, які можа даручыць урад. Уцямных адказаў і прычын для адмовы ў рэгістрацыі, роўна як і абвінавачванняў у адрас БХД ён не прапаноўваў”, – адзначыў Георгі Дзмітрук.
Агулам размова цягнулася каля 20 хвілін.