У Мядзеле і Слоніме забаранілі пікеты ў падтрымку палітвязняў
Каардынатары аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” атрымалі адказы раённых уладаў на заяўкі на правядзенне пікетаў па зборы подпісаў за вызваленне палітвязняў.
Так, Змітру Вінаградаву з Мядзела адмовілі ў праве правядзення пікету бо заява “не адпавядае патрабаванням артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь”. У чым канкрэтна яна “не адпавядае”, не паведамляецца.
Аналагічнага зместу атрымаў адказ і каардынатар Іван Бядко са Слоніма, таксама без канкрэтызацыі прычынаў адмовы.
Нагадаем, што БХД падала заяўкі на правядзенне пікетаў у абарону палітвязняў на 22 і 23 жніўня – час, калі не вядзецца перадвыбарчая агітацыя, “каб паказаць, што нічога не змянілася, што элементарныя нормы не выконваюцца, што правы грамадзян парушаюцца”. “Адмова ў правядзенні пікетаў стане яшчэ адным паказчыкам таго, што няма дэмакратызацыі, а толькі імітацыя дэмакратычнага працэсу на кароткі перыяд часу”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.