Мінюст у пяты раз не зарэгістраваў Партыю БХД
Міністэрства юстыцыі Беларусі ў пяты раз адмовілася рэгістраваць Партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Пра гэта гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый, які лідары БХД атрымалі 19 жніўня.
Нагадаем, што ў пачатку жніўня заснавальнікаў БХД выклікалі ў Клічаўскі райвыканкам і пракуратуру Верхнядзвінскага раёну, дзе пад ціскам патрабавалі адмовіцца ад сваіх подпісаў. Варта адзначыць, што сам Мінюст не здолеў у тэрмін праінфармаваць аргкамітэт БХД пра вынікі дзяржаўнай рэгістрацыі.
Сярод прычынаў нерэгістрацыі, указаных Мінюстам, адмова двух заснавальнікаў ад сваіх подпісаў, зробленая пад ціскам і пагрозамі чыноўнікаў. Астатнія прычыны – дробныя недакладнасці, якія не могуць ставіць пад сумнеў рэгістрацыю палітычнай партыі. Нават за вылікам пералічаных Мінюстам асобаў спіс заснавальнікаў Партыі БХД змяшчае больш за 1000 чалавек, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі. Ніякіх прэтэнзій у Мінюста да дакументаў, якія прадставіў аргкамітэт БХД, няма.
Партыі БХД адмовілі ў рэгістрацыі пяты раз, з улікам падачы дакументаў на рэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў хрысціянскіх дэмакратаў колькасць адмоваў дасягае 19-і. Гэта знак таго, што элементарных нормаў дэмакратыі ў Беларусі няма. А “выбары” з’яўляюцца толькі шырмай, якая прыкрывае аўтарытарызм і беззаконне ва ўсіх сферах жыцця, не толькі палітычнае, але і эканамічнае, і сацыяльнае.
Аргкамітэт БХД лічыць адмовы рэгістрацыі незаконнай, будзе абскарджваць рашэнне Мінюста ў Вярхоўным судзе. Мы добра ведаем: гэтак жа як свабодных і справядлівых выбараў, так і свабодных і незалежных судоў у Беларусі няма. Але мы перакананыя, што Хрысціянская Дэмакратыя будзе зарэгістраваная ў Беларусі пасля хуткага падзення аўтарытарнага рэжыму.