Рымашэўскі: адмова рэгістрацыі ніяк не паўплывае на працу хрысціянскіх дэмакратаў

20 жніўня 2015 13:16  |  Палітыка

Рымашэўскі: адмова рэгістрацыі ніяк не паўплывае на працу хрысціянскіх дэмакратаў

Адмова рэгістрацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ніяк не паўплывае на працу хрысціянскіх дэмакратаў. З такой заявай выступіў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі. “Адказ з Мінюста быў абсалютна чаканым. Відавочна, што ў Беларусі за апошнія гады сітуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца”, – адзначыў ён.

“БХД – гэта канкрэтныя справы, сотні ініцыятыў, якія абараняюць права на жыццё кожнага беларуса, бароняць права на годнае існаванне, бароняць беларусаў ад карумпаванай і рэпрэсіўнай улады. Найперш БХД – гэта шырокі нацыянальны грамадска-палітычны рух. Больш за сем год мы працуем ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, і адмова рэгістрацыі стварае дадатковыя перашкоды, але яна не з’яўляецца крытычнай і яны не спыніць і ніяк не паўплыве на працы хрысціянскіх дэмакратаў”, – упэўнены Віталь Рымашэўскі.

“За гады існавання БХД узельнічала не толькі ў палітычных кампаніях, але і дасягнула поспеху ў шматлікіх кампаніях. Хрысціянскія дэмакраты змусілі ўлады змяніць законы ў сферы абароны права на жыццё, зрабіць першыя крокі па спыненні спайвання насельніцтва. Уся гэта праца робіцца хрысціянскімі дэмакратамі як шырокая грамадзянская ініцыятыва”, – дадаў ён.

“Я веру ў тое, што гэты грамадска-палітычны рух хрысціянскіх дэмакратаў будзе толькі шырыцца. За нас ужо сёння кажуць не нашы словы, а нашы справы. Менавіта таму нягледзячы на рэпрэсіі, да БХД далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

“Тое, што БХД адмовілі ў рэгістрацыі пяты раз, – гэта знак таго, што элементарных нормаў дэмакратыі ў Беларусі няма. А “выбары” з’яўляюцца толькі шырмай, якая прыкрывае аўтарытарызм і беззаконне ва ўсіх сферах жыцця, не толькі палітычнае, але і эканамічнае, і сацыяльнае”, – адзначыў ён.

Паводле яго, аргкамітэт БХД будзе абскарджваць рашэнне Мінюста ў Вярхоўным судзе, каб “выказаць нязгоду з ім і яшчэ раз выявіць яго абсурднасць”. “Мы добра ведаем, што гэтак жа як свабодных і справядлівых выбараў, так і свабодных і незалежных судоў у Беларусі няма. Пры гэтым я перакананы, што Хрысціянская Дэмакратыя будзе зарэгістраваная ў Беларусі, але, відаць, толькі пасля хуткага падзення аўтарытарнага рэжыму”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Болей навін