У Менску, Берасце, Віцебску і Бабруйску забароненыя пікеты ў абарону палітвязняў
Сябры аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на правядзенне пікетаў у падтрымку палітвязняў 22-23 жніўня.
Так, у Менску пікет забаронены, бо 22 жніўня з 16:00 да 18:00 на пляцоўцы ля рэстарана “Макдональдс” запланавана правядзенне іншага мерапрыемства, заявілі ў Менгарвыканкаме.
У Бабруйску правядзенне 23 жніўня пікету не дазволілі, бо на стадыёне, дзе ён быў запланаваны, мае адбыцца ў гэты дзень футбольны матч. Пры гэтым заяўнікаў папярэдзілі аб адміністратыўнай адказнасці за правядзенне масавага мерапрыемства.
У Берасце 22 жніўня на вуліцы Савецкай пікет не адбудзецца, бо правядзенне масавых мерапрыемстваў там не дазволена, а толькі ля ФСК “Лакаматыў” і ля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мяркуючы па адказах з Менска і Бабруйска, калі б заяўкі падаваліся на гэтыя пляцоўкі, то там у гэты час праходзілі б “іншыя мерапрыемствы”.
У Віцебску Таццяне Севярынец нагадалі, што ў яе не прайшоў яшчэ год з таго моманту, як ёй было вынесена пакаранне за парушэнні ў правядзенні масавых мерапрыемстваў (дзевяць месяц таму каардынатара БХД разам з іншымі грамадскімі актывістамі Віцебска аштрафавалі за фота на фоне сцяны).
Нагадаем, што БХД падала заяўкі на правядзенне пікетаў у абарону палітвязняў на 22 і 23 жніўня – час, калі не вядзецца перадвыбарчая агітацыя, “каб паказаць, што нічога не змянілася, што элементарныя нормы не выконваюцца, што правы грамадзян парушаюцца”. “Адмова ў правядзенні пікетаў стане яшчэ адным паказчыкам таго, што няма дэмакратызацыі, а толькі імітацыя дэмакратычнага працэсу на кароткі перыяд часу”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.