“За лепшую медыцыну”: у Оршы пратэстуюць супраць спынення будаўніцтва бальніцы
Ініцыятыўная група грамадзян “За лепшую медыцыну”, якая пачала фарміравацца ў ліпені, падала заяўку на правядзенне пікету ў Оршы па праблемах медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Падставай для падачы заяўкі стала інфармацыя, што будаўніцтва новага корпуса бальніцы імя Сямашка – які і без таго вельмі доўга будуецца – спынена на 2 гады.
Звычайна чыноўнікі райвыканкама не дазваляюць правядзенне пікетаў (выключэнне – пікеты па зборы подпісаў падчас выбараў, якія не магчыма забараніць), але рэагуюць на падачу заявак. Так, некалькі гадоў таму пасля падачы заяўкі на пікет па пытанні рамонту моста, цяпер ужо былы губернатар вобласці распарадзіўся перакрыць мост па вуліцы Бабкова і сродкі на яго рамонт знайшліся.