Яўген Васьковіч плануе бліжэйшым часам далучыцца да актыўнай дзейнасці ў БХД (фота)
У Бабруйску 24 жніўня прайшла святочная вечарына, прысвечаная выхаду на волю цяпер ужо былога палітвязня Яўгена Васьковіча і арганізаваная Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй.
У мерапрыемстве ўдзельнічала шмат гасцей: родныя і сваякі Яўгена, актывісты БХД і іншых партый і арганізацый Бабруйска, а таксама прыехалі з Менску кіраўніцтва аргкамітэту – сустаршыня Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі.
«Было шмат шчырых і цёплых словаў, пазітыўных эмоцый. Жанчыны не стрымлівалі слёзаў, і гэта былі слёзы радасці. Яўген выглядае бадзёрым, трошкі схуднелым, але нязломленым духам. Ён падзякаваў хрысціянскім дэмакратам за падтрымку, без якой, па яго словам, вытрымаць усё было б значна цяжэй. У хуткім часе ён плануе далучыцца да актыўнай дзейнасці ў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі», – адзначыў Дзяніс Садоўскі.
Скончылася ўсё святочным сталом, нефармальнымі размовамі і фатаграфаваннем з Яўгенам Васьковічам.