БХД далучаецца да грамадскай камісіі па праверцы подпісаў кандыдатаў
Несумленнасць уладаў пры правядзенні “выбараў” у большасці беларусаў сумневаў не выклікае. Людзі разумеюць, што вынікі з імёнамі кандыдатаў і дакладнымі лічбамі “прагаласаваўшых” вядомыя загадзя.
Але вялізныя лічбы здадзеных подпісаў альтэрнатыўнымі кандыдатамі на фоне слабой кампаніі па іх зборы, таксама выклікаюць сумнеў у іх сапраўднасці.
Кандыдаты, якія ўсур’ёз крытыкавалі ўладу заявілі, што сабраць подпісы не змаглі. На гэтым фоне, сярод дэмакратычнай грамадскасці абсалютна абгрунтавана паўстала пытанне пра фальсіфікацыі подпісаў, пададзеных у ЦВК шматлікімі кандыдатамі. Пры гэтым трэба адзначыць, што падазронасць і публічныя беспадстаўныя абвінавачванні паміж дэмакратамі толькі на карысць дзеючай уладзе.
Таму абсалютна правільнай і актуальнай на дадзены момант з’яўляецца ідэя грамадскай камісіі па праверцы подпісаў. Гэтага не хапала ў кампаніі 2010 года. Дагэтуль цягнуцца дыскусіі і абвінавачанні, якія абражаюць сотні валанцёраў, дзякуючы самаадданай працы якіх і подпісы былі сабраныя, і масавыя акцыі пратэсту адбыліся.
Падчас перамоваў па вылучэнні адзінага кандыдата, адной з прапаноў Беларускіх Хрысціянскіх Дэмакратаў было стварэнне такой грамадскай камісіі па праверцы подпісаў. На жаль, адзіны кандыдат абраны не быў. Гэтая галоўная прычына сённяшняга паражэння дэмакратычных сіл.
Але спыніць беспадстаўныя абвінавачванні ў несабраных подпісах, выявіць сапраўдных фальсіфікатараў, у адрозненне ад 2010 года, у 2015 годзе шанец ёсць.
Тым больш, што некаторыя каманды заявілі аб адкрытасці да грамадскіх праверак.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты далучаюцца да грамадскай камісіі па праверцы подпісаў кандыдатаў. У бліжэйшы час намі будуць накіраваныя прадстаўнікі дзеля праверкі і спраўджвання сабраных подпісаў.
“У беларускага народу павінна быць рэальная альтэрнатыва, а не выбар паміж фальсіфікатарамі ад улады і фальсіфікатарамі ад апазіцыі. Відавочна, што шматлікія “альтэрнатыўныя кандыдаты” подпісы не сабралі. Стварэнне грамадскай камісіі па спраўджванні сапраўднасці подпісаў – гэта адзіны шлях, каб спыніць беспадстаўныя абвінавачванні паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і адначасова выявіць фальсіфікатараў. У 2010 годзе вельмі не хапала такой камісіі, гэта спарадзіла шмат беспадстаўных выказванняў і абразаў у бок актывістаў і каманд, якія сумленна збіралі подпісы. У 2015 годзе ў нас ёсць шанец выправіць памылку. Гэтая грамадская камісія павінна неадкладна пачаць працу і быць адкрытай для ўсіх жадаючых прыняць удзел у яе працы. Камісія мусіць працаваць падчас усіх наступных кампаній”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.