Мінпрацы: на льготны праезд для ветэранаў працы грошаў няма
Калектыўны зварот аб вяртанні льготаў на праезд у гарадскім транспарце, ініцыяваны Сіньёрскай структурай аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, аператыўна разгледжаны дзяржаўнымі органамі. Нагадваем, што пенсіянеры пазбаўлены гэтай льготы, як і многіх іншых, Законам 2007 года.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сваім адказе згадвае пра некаторыя меры ў падтрымку пажылых людзей і заяўляе, што ў краіне пражывае каля 2,5 млн пенсіянераў, з іх – 1,9 млн ветэранаў працы. Прэтэндаваць на права льготнага праезду могуць 1,3 млн чалавек.
Вердыкт жа міністэрства за подпісам першага намесніка міністра Андрэя Лабовіч выглядае наступным чынам: «Рэалізацыя Вашай прапановы аб усталяванні (вяртанні) ветэранам працы ільготнага праезду на гарадскім пасажырскім транспарце запатрабуе выдзялення з рэспубліканскага бюджэту значных фінансавых сродкаў, што ва ўмовах дэфіцыту бюджэту не ўяўляецца магчымым».
«Адносна мер сацыяльнай падтрымкі ветэранаў працы ў іншых дзяржавах паведамляем, што кожнае суверэнная дзяржава мае права ўсталёўваць меры сацыяльнай падтрымкі сваім грамадзянам, зыходзячы з мэтазгоднасці і эканамічных магчымасцяў», – гаворыцца ў адказе.
“Адмаўляючы ў вяртанні льготаў на праезд, беларускія ўлады адкрыта і цынічна ігнаруюць ветэранаў працы. Ва ўмовах, калі чарговы раз абясцэньваецца беларускі рубель і адбываецца збядненне людзей, самы час падтрымаць сацыяльна малаабароненыя катэгорыі грамадзян, у першую чаргу – пенсіянераў. Бо пенсіі, па сутнасці, становяцца жабрацкімі, а праезд у гарадскім транспарце даражэе ледзь не кожны квартал. Тым, што пенсіянераў, якія ў большасці галасуюць за Лукашэнку, адмаўляюцца падтрымаць за месяц да даты галасавання, падкрэсліваецца грэбаванне ўладаў у дачыненні як да да грамадзян, так і да выбараў. Уладзе больш не патрэбна падтрымка большасці насельніцтва, – на гэта ўжо няма сродкаў. Яна сёння спадзяецца выключна на падтрымку наменклатуры і сілавых структур”, – заявіў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
У сваю чаргу Наталля Маразевіч, кіраўнік Сіньёрскай ініцыятывы БХД, адзначае, што пенсіянеры не з’яўляюцца якімісьці прыхаднямі, а “нарадзіліся на гэтай зямлі, аддалі грамадству лепшыя гады жыцця, свае сілы, веды і здольнасці”. “І што, у сённяшняй “квітнеючай Беларусі” мы не заслужылі 50-працэнтнага праезду ў транспарце? Мы хочам часцей гуляць з унукамі, наведваць паркі, музеі, тэатры, нарэшце – набываць прадукты на рынку, а не ў бліжэйшай краме. Мы ведаем, што часы не лепшыя. Але ж эканоміць на бяднейшых пачалі яшчэ ў 2007 годзе, у час адноснай стабільнасці, а ўсё, што далей – падачкі, крошкі са стала ўладу маючых…”, – падкрэсліла яна.
На думку доктара юрыдычных навук, прафесара Міхаіла Пастухова, адказ з Мінпрацы сведчыць пра непаважлівае стаўленне прадстаўнікоў улады да правоў і патрэб пажылых людзей. Спасылкі на «дэфіцыт бюджэту» і на тое, што «кожная суверэнная дзяржава мае права ўсталёўваць меры сацыяльнай падтрымкі сваім грамадзянам, зыходзячы з мэтазгоднасці і эканамічных магчымасцяў» ўяўляюцца непераканаўчымі, заяўляе ён.
Эксперт адзначае, Канстытуцыя Беларусі абвяшчае сацыяльную накіраванасць ўнутранай палітыкі (арт.1), замацоўвае права кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў (ч.2, арт.21). Прэзідэнт жа ўзяў на сябе абавязак быць гарантам правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (арт.79).
“Зыходзячы з гэтых палажэнняў, органы ўлады павінны прымаць меры да паляпшэння жыцця людзей і ні пры якіх абставінах не адымаць тыя сацыяльныя льготы, якімі яны ўжо валодаюць”, – падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.
Ён мяркуе, што пенсіянеры цалкам абгрунтавана патрабуюць ад уладаў павышэння ўзроўню сацыяльнага забеспячэння і прадастаўлення сацыяльных ільгот, у тым ліку на праезд у грамадскім транспарце. Па яго словах, абавязак дзяржавы – праяўляць клопат аб пажылых грамадзянах, адшукваць бюджэтныя сродкі для паляпшэння жыцця пенсіянераў, асабліва з нізкім узроўнем пенсій. Знайсці сродкі на гэта ён прапануе, скараціўшы асігнаванні на дзяржаўны апарат, у тым ліку на «сілавыя» ведамства, ды паменшыўшы выдаткі на структуры, створаныя пры прэзідэнце.