«Ніхто ж не баіцца, ніхто не дрыжыць!» Пяць фактаў пра Алеся Чаркашына, які загінуў ва Украіне

29 жніўня 2015 16:46  |  Галоўныя навіны

«Ніхто ж не баіцца, ніхто не дрыжыць!» Пяць фактаў пра Алеся Чаркашына, які загінуў ва Украіне

Учора ад раненняў атрыманых два з паловай тыдні таму памёрбеларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правы сектар» 33-гадовы Алесь Чаркашын. Ён меў пазыўны «Тарас», а ваяваў ва Украіне ад пачатку зімы. «НН» сабрала ў адзін матэрыял усе, што вядома пра Чаркашына.

Быў сябрам «Края», «Зубра», БХД

Алесь Чаркашын даўно быў у нацыянальным руху. Яшчэ напрыканцы 1990-ых – пачатку 2000-ых ён быў сябрам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Пасля з’яўляўся актывістам «Зубра». У 2009 ён прыйшоў у БХД, стаў каардынатарам аргкамітэта партыі па Брэсту.

Прарок з акрываўленымі рукамі

«У 2011 годзе яны разам з Змітром Шурхаем ладзілі ў Брэсце маўклівыя акцыі, іх затрымлівалі неаднаразова, – кажа сустраршыня хадэкаў Павел Севярынец. – Здаецца, ён быў прадпрымальнікам. – На Плошчы 2010 года абараняў людзей ад АМАПа, ён абараніў нават маю матулю. 15 снежня 2013 зладзіў найбольш яркую сваю акцыю. Ён выйшаў да Брэсцкага аблвыканкама ў адзенні прарока з «акрываўленымі» рукамі, у ланцугах. Вось як сёння стаіць перад мной такая карціна. Ён заклікаў людзей пакаяцца за грахі, а ўладу папярэджваў за злыя дзеянні супраць людзей».

Вернік

Нават на вайне ён заўсёды меў з сабой кішэнны «Новы Запавет» з надпісам «Беларусь, дзецям Божым у вечнасць». «Ён фактычна выконваў ролю капелана, настаўляў нас у пытаннях рэлігіі», – кажа добраахвотнік «Док», паплечнік Чаркашына.

Чаркашын быў перакананы, што веруючы чалавек павінен сумяшчаць веру і палітыку. Вось што ён казаў пра гэта ў інтэрв’ю Радыё «Свабода»:

«Для мяне Бог, зносіны з ім, зносіны з братамі і сёстрамі ў царкве — нашмат важнейшыя. Але я жыву ў гэтай краіне, і мне не ўсё роўна, што тут адбываецца. Я люблю сваю краіну, я люблю гэтых людзей. І, канечне ж, мне хочацца жыць у больш вольнай краіне. Таму і як хрысьціянін, і як грамадзянін я актыўны. Больш за гэта, цэрквы павінны пускаць Бога ў дзяржаўны апарат, каб потым не казаць, што гэта брудная справа».

Ва Украіне ён навучаўся ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце ў горадзе Херсон.

Граў на гітары

Нават на вайне Алесь Чаркашын не ўпускаў магчымасць узяць у рукі гітару. Замест метыятара выкарыстоўваў патрон. У інтэрнэце захаваўся надзвычай пранізлівы спеў «Тараса» на верш Ларысы Геніюш. Сёння гэтыя радкі ўспрымаюцца як прарочыя:

Між белых камлёў захісталася смерць.
Яна за аддзелам начамі качуе.
Мо заўтра зноў будуць сасонкі шумець
над намі, а мы ўжо жыцця не пачуем…

Ніхто ж не баіцца, ніхто не дрыжыць!
Йдзем волі насустрач шляхамі святымі.
Назначана жыць нам, так будзем жа жыць,
гатовы на мукі за шчасце Радзімы.

Хоць цені пагрозаў снуюцца ў бары, выходзім!
Мігаюць падковамі коні.
Я – з вамі! Ах, мілы, вазьмі – мы ж сябры,
сябры з-пад адное каханай Пагоні.

Гуляў у футбол

Ён прадстаўляў каманду БХД на штогадовым турніры імя Генадзя Карпенкі. З дапамогай Чаркашына, хрысціянскія дэмакраты нават заваявалі бронзавыя медалі турніра.

Узняў бел-чырвона-белы сцяг у Пясках
У лютым сёлета пасля смерці некалькіх паплечнікаў, Алесь Чаркашын узняў у Пясках бел-чырвона-белы сцяг, як сімвал супольнай свабоды.

Пахаванне хутчэй за ўсё будзе ў аўторак

Вядома, што рэфрэжэратар з целам Алеся Чаркашына правязуць на беларускую граніцу ў панядзелак. Пакуль незразумела, ці цела адразу аддадуць родным, ці яшчэ павязуць у берасцейсці морг. Дакладна вядома, што ў панядзелак развітанне з Чаркашыным плануецца ў царкве. Хутчэй за ўсё, пахаванне будзе ў аўторак.

Зміцер Панкавец, “Наша Ніва”

Болей навін