На сустрэчы з прадстаўніком МЗС Нямеччыны абмеркавалі нерэгістрацыю БХД
3 верасня ў Менску адбылася сустрэча сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталя Рымашэскага, лідара АГП Анатоля Лябедзькі і палітыка Уладзіміра Някляева з намеснікам міністра замежных спраў Нямеччыны, адказным за сувязь са грамадскімі структурамі краін Усходняга Партнёрства, Цэнтральнай Азіі і Расеі, Гернатам Эрлерам.
Мэта яго візіту ў Беларусь – маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і выбарчай кампаніі. Раней ён ужо сустрэўся з афіцыйнымі ўладамі Беларусі і грамадзянскай супольнасцю.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя палітычная сітуацыя ў Беларусі, становішча з правамі чалавека, закраналася пытанне ўплыву вайны Расеі з Украінай на Беларусь. Таксама былі прааналізаваныя былыя праекты паміж ЕС і Беларуссю і пытанні іх эфектыўнасці ды неэфектыўнасці. Апроч таго, была звернутая ўвага на нерэгістрацыю ў Беларусі палітычных партый і грамадскіх арганізацый, у тым ліку і БХД.
“Было адзначана, што пазіцыя БХД па пытанні выбараў застаецца нязменнай – іх у Беларусі няма. Я нагадаў, што ніводны прадстаўнік апазіцыі ў Менску не патрапіў у выбарчыя камісіі. Больш за тое, ува ўсіх сферах жыцця сітуацыя робіцца толькі горш: правы чалавека парушаюцца ўсё больш, СМІ прыціскаюцца, пагоршыліся працоўныя правы”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Разам з тым, паводле яго, сустрэча яскрава прадэманстравала, што для Еўропы зараз галоўнае – сітуацыя ва Украіне, якую ЕС спрабуе вырашыць негвалтоўнымі метадамі. Таму для Брусэля вельмі важна захаванне нейтралітэту Беларусі і няўцягванне яе ў канфлікт на баку Расеі.
“Таму ў адказ на вызваленне палітвязняў і вынікі “выбарчай” кампаніі варта чакаць пацяплення стасункаў паміж Беларуссю і ЕС. Станоўчы бок заключаецца ў тым, што ў павестцы дня застаюцца пытанні палітычных свабод, працы грамадскіх арганізацый і партый. Рэформы і правы чалавека не па-за ўвагай Еўропы. Наколькі доўга працягнецца пацяпленне будзе залежыць ад таго, наколькі рэжым гатовы на рэформы. Пакуль такой гатоўнасці няма”, – сказаў сустаршыня БХД.