КДБ цісне на маці Алеся Чаркашына
Як паведамілі belsat.eu сябры Алеся Чаркашына, спецслужбы Беларусі тэлефануюць маці забітага ва Украіне берасцейца і пытаюцца, чаму ягонае пахаванне ператварылася ў несанкцыянаванае мерапрыемства.
Учора ў Берасці пахавалі Алеся Чаркашына, але спецслужбы не пакінулі маці героя, які загінуў, нават у дзень пахавання. Учора ёй патэлефанавалі з КДБ і хацелі паразмаўляць пра дзейнасць Алеся ва Украіне. Ад размовы жанчына адмовілася.
Сёння Святлану Чаркашыну зноў патурбаваў званок з КДБ. Гэтым разам працаўнікоў спецслужбаў цікавіла два пытанні: чаму пахаванне ейнага сына ператварыліся ў масавае несанкцыянаванае мерапрыемства і хто даў дазвол на пахаванне Алеся на могілках Камяніцы-Жыравецкай.
Таксама пачаліся праверкі ў трупярні, дзе знаходзілася цела Алеся перад пахаваннем, працаўнікоў трупярні абвінавачваюць у тым, што яны незаконна выдалі цела Чаркашына для пахавання. Прадстаўнікі спецслужбаў ціснуць і на кіраўніцтва ЖКГ Берасцейскага раёну, каб даведацца, на якой падставе выдзелілі зямлю для пахавання Алеся на могілках Камяніцы-Жыравецкай.
33-гадовы Алесь Чаркашын быў паранены 10 жніўня падчас танкавай атакі прарасейскіх баевікоў каля Валнавахі. Хлопца параніла з 82-мілімітровага мінамёта БМ-37. Ён страціў руку, а ад аскепкаў міны, якія трапілі ў грудзі, нырку і галаву, пачалося заражэнне крыві. Ваяр стаў першай беларускай ахвярай канфлікту ў Данбасе па ўкраінскім баку.
Алесь Чаркашын быў экс-старшынём берасцейскай гарадской арганізацыі БХД. Ён быў медыкам, прайшоў адмысловае рыхтаванне і ехаў на фронт дапамагаць параненым. Больш як паўгода быў у складзе ДУК ПС, а пазней стаў капеланам у складзе тактычнай групы «Беларусь».