У Салігорску ўлады сфальсіфікавалі дакументы на карысць ушчыльняльнай забудовы
У Салігорску мясцовыя ўлады сфальсіфікавалі шэсць калектыўных заяваў з 203-ма подпісамі на карысць будаўніцтва 98-кватэрнага дзесяціпавярховага жылога дома на стадыёне школы № 2. Пра гэта заяўляе салігорскі актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Уладзімір Шыла. Адпаведны зварот ён накіраваў 7 верасня ў пракуратуру Салігорска.
Актывіст адзначае, што ўвечары 11 жніўня сход жыхароў бліжэйшых да стадыёна жылых дамоў прыняў зварот з просьбай адмовіцца ад будаўніцтва жылога дома. Подпісы ён зарэгістраваў асабіста ў аддзеле архітэктуры 12 жніўня паміж 12:20 і 12:35. «У гэты момант заявы, пра якія ідзе гаворка (203 подпісы), зарэгістраваныя не былі. Яны маглі быць зарэгістраваныя паміж 00:35 12 жніўня і 17:00 13 жніўня. 13 жніўня – апошні дзень грамадскага абмеркавання. 3 верасня галоўны архітэктар горада, адказваючы на маё пытанне пра абставіны рэгістрацыі гэтых 6 зваротаў сказала, што яны падаваліся ў пісьмовым выглядзе непасрэдна ў аддзел архітэктуры», – распавёў Уладзімір Шыла.
Паводле яго слоў, шэсць чалавек, якія рэгістравалі заявы грамадзян, абавязкова павінны былі трапіць у поле зроку камеры відэаназірання, размешчанай на сцяне каля кіёска «Белсаюздрук». У сувязі з гэтым ён просіць пракуратуру прад’явіць яму відэазапіс з камеры, дзе будзе відаць, як шэсць чалавек прыходзяць у аддзел архітэктуры рэгістраваць заявы з 12:35 12 жніўня па 17:00 13-га.
Уладзімір Шыла адзначае, што 13 жніўня падчас грамадскага абмеркавання ў актавай зале школы №2 прадстаўнікі райвыканкаму не згадвалі пра існаванне шасці калектыўных заяваў і пра 203 подпісаў на карысць будаўніцтва дома. Гаварылася толькі аб дзевяці індывідуальных зваротах.
Разам з тым 18 жніўня работнік кіравання архітэктуры збіраў подпісы ў прыёмнай дырэктара Салігорскага ўнівермага, адзначае Уладзімір Шыла. На гэтай падставе ён робіць выснову, што 203 подпісы былі сабраныя работнікамі архітэктуры пасля заканчэння слуханняў і просіць пракуратуру праверыць, як і калі былі сабраныя 203 подпісы.
Актывіст БХД таксама падаў заяўку на правядзенне пікету супраць ушчыльнення гарадской забудовы ў Салігорску на 19 верасня з 12:00 да 14:00 на цэнтральнай плошчы Салігорска.