Ад варот—паварот

09 верасня 2015 10:50  |  Грамадства

Ад варот—паварот

Наспеў час звярнуцца да намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Уладзіміра Цярэнцьева па пытаннях доўгабудаў і рамонтаў медыцынскіх устаноў у Віцебску, якія зацягнуліся на гады. 10 жніўня на яго імя быў адпраўлены электронны зварот, на які дагэтуль адказу няма, паведамляе каардынатар БХД у Віцебску Таццяна Севярынец.

Пасля намаганняў ініцыятывы “За якасную медыцыну ў Віцебску”за пабудову ў мікрараёнах Білева паліклінічнага комплексу, абяцанага і запланаванага ўладамі яшчэ на 2010 год, пераабяцанага былым старшынёй Віцебскага аблвыканкаму Косінцам напярэдадні мясцовых выбараў 2014 году (ён нават закапаў недзе ў Білева капсулу, дзе павінен будавацца паліклінічны комплекс), у верасні 2014 году сп. Цярэнцьеў у адказ на шматлікія звароты грамадзян даслаў ліст, дзе чорным па беламу было прапісана: “Будаўніцтва першай чаргі паліклінічнага комлексу ў м-не Білева будзе пачата ў другім квартале 2015 году”. Аб гэтым адмысловым чынам ініцыятары кампаніі паведамілі жыхарам Білева.

Але ўжо трэці квартал сыходзіць, а пачатку будаўніцтва не назіраецца. Ды й і ў план горада яно не ўнесена. Людзі пакутуюць, скардзяцца, злуюцца.

Толькі з трэцяга нумара тэлефону (прыёмная Цярэнцьева, аддзел па зваротах грамадзянаў, “гарачая лінія”) удалося звязацца з дзяжурнай.

– Добры дзень! Вас турбуе Севярынец Таццяна Яўгенаўна. Магу я запісацца на прыём да сп. Цярэнцьева?

– Па якім пытанні?

Распавядаю.

– Гэта не да яго. Звяртайцеся да Мікалайкіна (старшыні Віцебскага гарвыканкаму) (Ну-ну, гэта значыць, што трэба спачатку звярнуцца ці па электронцы, ці пісьмова да высокага чыноўніка, атрымаць адказ, калі не задаволіць і пытанні яшчэ застануцца, то запісвацца на прыём—такі парадак, каб пабачыць на вочы на працоўным месцы якога чыноўніка)
– Чаму да яго? Нам адказ даваў Цярэнцьеў. Няхай зараз адкажа за свае словы, абяцанні…

– За бюджэт гораду адказвае Мікалайкін.

– Я вам пра Фаму, вы мне пра Ярому. Я настойваю на запісу да Цярэнцьева.

Штурханне ідзе яшчэ хвілін 5. Нарэшце, дзяжурная выдае дзяржаўную таямніцу, што сп. Цярэнцьеў будзе праводзіць “гарачую лінію” 19 верасня з 9-00 да 12-00. Так, ад варот-паварот…І на пытанне, чаму нам няма адказу на электронны зварот—а яго не было.(?!) Што тут зробіш? Пытанні былі няёмкія. Ды й выбары на носе, а Цярэнцьеў за іх адказны…

Справа вядомая. Гэта значыць, што датэлефанавацца наўрадці ўдасца, адчуванне, што тэлефоны блакуюцца –не першы раз, ведаем, плавалі. А да Мікалайкіна яшчэ паспеем.

Усё цяжэй нагадваць чыноўнікам аб іх адказнасці за справы, абяцанні. Адгарадзіліся ад людзей, пасадзілі на цэп цэрбэраў з загадам “Не пушчаць!”.

Але ж тэлефануйма і пытаймася! Тэлефон “гарачай лініі”, на якой 19 верасня будзе Уладзімір Цярэнцьеў, —20-42-60. З 9-00 да 12-00.

Болей навін