Створана ініцыятыўная група па святкаванні 500-годдзя беларускай Бібліі
У Мінску створана ініцыятыўная група па арганізацыі святкавання 500-годдзя Беларускай Бібліі ў 2017 годзе. Улетку 1517 года беларускі асветнік і першадрукар Францыск Скарына выдаў перакладзеную на народную мову «Псалтыр», што стала пачаткам эпохі культурнага і эканамічнага росквіту.
У першым пасяджэнні 9 верасня прынялі ўдзел навуковец Алесь Жылка, тэлевядучы і гісторык Юрый Жыгімонт, рэктар Біблейскага каледжа ХВЕ Пётр Ашэйчык, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва» Георгій Дзмітрук, пастар і біблеіст Антоній Бокун, пісьменнік і журналіст Павел Севярынец, выдавец і грамадскі дзеяч Сяргей Карнюшка, музыка Аляксандр Віслаўскі і іншыя. У працы ініцыятыўнай групы таксама прыняў удзел і галоўны рэдактар Krynica.info Анатоль Шырвель.
Удзельнікі паседжання надзялілі паўнамоцтвамі старшыні Георгія Дзмітрука, паколькі ён першым выступіў з ідэяй арганізаваць самае шырокае святкаванне гэтай гістарычнай даты. «Гэта было найвялікшая падзея ў гісторыі Беларусі, наш народ атрымаў Біблію на зразумелай яму мове, стаў чытаць і ператвараць у жыццё Слова Божае. У нас пачалася Рэфармацыя, дасягненні якой называюць «Залатым векам» Беларусі. Я ўпэўнены, што беларусы, якія маюць такое вялікую і значную хрысціянскую спадчыну, не павінны пакінуць такую слаўную дату па-за ўвагай», — сказаў Георгій Дзмітрук падчас паседжання.
У бліжэйшых планах ініцыятыўнай групы перайсці да стварэння камітэта па святкаванні 500-годдзя беларускай Бібліі, да працы ў якім запрашаюцца прадстаўнікі дзяржаўнай і мясцовай улады, навуковых, адукацыйных, рэлігійных арганізацый, усе зацікаўленыя асобы. Адна з ідэй — звярнуцца да ўрада і грамадскасці з прапановай надаць 2017 году статус года Бібліі ў Беларусі.
«Мы спадзяемся, што гэтая ініцыятыва прыцягне ўвагу самага шырокага кола людзей і арганізацый нашай краіны і нават беларускай дыяспары, паколькі Скарынаўская Біблія з’яўляецца нашай агульнай спадчынай, нашай агульнай гісторыяй, гісторыяй хрысціянскай Беларусі, якая такой з’яўляецца ўжо больш за 1000 гадоў, і гэта выдатная платформа для аб’яднання прагрэсіўных сіл нашай краіны для добрай агульнай справы», — падкрэсліў Дзмітрук.
Наступнае пасяджэнне ініцыятыўнай групы плануецца правесці 23 верасня. Прапановы па ўдзелу можна накіроўваць на электронную пошту [email protected].