Віталь Рымашэўскі. Права на мірны пратэст

14 верасня 2015 10:21  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі. Права на мірны пратэст

На фоне падзей у Украіне праўладныя СМІ нагнятаюць фобіі да вулічных акцыяў пратэсту. Ім паўтараюць многія дэмакратычныя палітыкі. Пад дэвізам абароны незалежнасці камуністы і «антымайданшчыкі» адкрыта пагражаюць ўдзельнікам акцый пратэсту.

Пры гэтым замоўчваецца, што не толькі апазіцыя, але, у першую чаргу, ЛЮБЫ грамадзянін Беларусі мае права на публічнае агучванне сваёй пазіцыі, права на мірны пратэст.

Усе, хто сёння забараняюць мірныя акцыі пратэсту, прыкрываючыся намерам не дапусціць беларускага Майдана, – пазбаўляюць кожнага грамадзяніна Беларусі права на выказванне свайго меркавання, на правядзенне мірных сходаў. Гэта неад’емнае права грамадзяніна любой цывілізаванай краіны.

Беларусы годныя не меншай павагі, чым грамадзяне Францыі, Германіі ці ЗША. Беларускі народ заслужыў гэтае права. І ніхто не мае права затыкаць яму рот.

Калі ўлада забараняе дэманстрацыі гэта азначае толькі адно – яна панічна баіцца ўласнага народа.

На самай справе, менавіта беларускія ўлады, алігархі, сілавыя структуры, ідэолагі рыхтуюць рэальную рэвалюцыю, беларускі Майдан.

Па-першае, таму што толькі ўлада можа давесці народ да такой ступені збяднення і прыніжэння, што людзі становяцца гатовымі ахвяраваць жыццём дзеля звяржэння антынароднай улады.

Па-другое, падтрымліваючы, патрануючы і курыруючы прарасійскія арганізацыі, беларускія ўлады выгадавалі рэальную трэцюю сілу ў Беларусі. Прадстаўнікі гэтай сілы ненавідзяць усё беларускае – культуру, мову, гісторыю, дзяржаўнасць… Не толькі псеўказачыя арганізацыі, але і спецслужбы Беларусі сталі рассаднікам беларусафобіі. І гэтая сіла сапраўды можа быць выкарыстана Крамлём.

На гэтым фоне асобныя «апазіцыйныя» структуры выбіраюць шлях лаяльнасці рэжыму. Але чым больш дзеячы псеўдаапазыцыі падыгрываюць уладам, тым больш яны кампраметуюць сябе ў вачах беларускага народа, дэвальвуюць каштоўнасць апазіцыі як апанента рэжыму.

У гэтым выпадку на месца рэальнай апазіцыі могуць прыйсці працуючыя на іншую дзяржаву сілы, якія стварылі крывавы канфлікт ва Усходняй Украіне. Можа здарыцца так, што рэальным сімвалам апазіцыі ў поўным сэнсе гэтага слова стане не бел-чырвона-белы сцяг, а георгіеўская стужка. У гэтым заключаецца асноўная небяспека.

Таму сёння нават адзін-адзіны чалавек, які захоча арганізаваць мірную дэманстрацыю пратэсту і сказаць, што ён не верыць вынікам выбараў, павінен атрымаць гэта права.

Пры гэтым неабходна дакладна разумець – любы акт агрэсіі і гвалту пераводзяць дэманстранта са статусу ўдзельніка мірнага палітычнага пратэсту ў становішча простага хулігана. Менавіта таму спецслужбы заўсёды імкнуцца ўчыніць правакацыі, у шэрагі дэманстрантаў укараніць сваіх супрацоўнікаў, часта п’яных, дакучліва пазіруючых перад аб’ектывамі. Мэта адна – дыскрэдытацыя мірных сходаў і іх удзельнікаў. Пры правядзенні акцый пратэсту важна гэтага не дапусціць.

Пазбаўляючы народ свабодных справядлівых выбараў, аўтарытарныя рэжымы пакідаюць толькі адзін шлях для змены ўлады – рэвалюцыю. З нагоды падзеяў Украіне шмат спрэчак. Але ўсе бакі канфлікту згодныя ў адным – асноўная віна за тое, што адбылося ляжыць на былым прэзідэнце краіны Януковічы. Карупцыя, бязмежжа, беднасць народа сталі галоўнай прычынай Майдана ў Кіеве.

Беларускі рэжым ідзе шляхам Януковіча: паборы з рабочых і прадпрымальнікаў, жабрацкія зарплата настаўнікаў і дактароў… Сёння не засталося ніводнай катэгорыі насельніцтва, якую б не уціскаў гэты рэжым. Выключэнне – спецпадраздзяленні, гатовыя бязлітасна душыць любы пратэст. Але іх дапамога не выратавала ні адну дыктатуру ў свеце. У сваёй краіне мы павінны не дапусціць гвалту – але для гэтага, у першую чаргу трэба спыніць тых, хто знаходзіцца ва ўладзе.

Віталь Рымашэўскі, спецыяльна для charter97.org

Болей навін