Садоўскі: законы дрэнныя, бо хрысціяне не хочуць на іх уплываць
10 верасня ў Беларусі пасля рэгістрацыі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты распачаўся агітацыйны перыяд прэзідэнцкай кампаніі. Krynica.info распытала аднаго з двух каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2015”, адказнага сакратара аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, пратэстанцкага верніка Дзяніса Садоўскага пра асаблівасці бягучай выбарчай кампаніі, мэты назірання і прычыны ўдзелу хрысціян у палітыцы.
— У чацвер, 10 верасня, на пасяджэнні ў Цэнтрвыбаркаме былі зарэгістраваныя чатыры кандыдаты ў прэзідэнты. Тым самым быў дадзены старт апошняму этапу прэзідэнцкай кампаніі. Вы ўдзельнічалі ў гэтым пасяджэнні. Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад яго?
— Усё было прадказальна, а пасяджэнне сталася абсалютнай фармальнасцю. Усе ўжо загадзя ведалі, што будуць зарэгістраваныя чатыры кандыдаты. Ведалі тых, хто не будзе зарэгістраваны. На пасяджэнні рабіўся выгляд, што ідзе працэс абмеркавання нейкіх скаргаў, працэсаў. Але вынікі гэтых разглядаў былі відавочныя.
Напрыклад, калі разглядалася скарга на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку на прадпрыемствах, пра што масава паведамлялася ў СМІ, высветлілася, што быццам бы праводзіліся праверкі. Але ўсе яны зводзіліся да таго, што кіраўніцтва прадпрыемстваў, якое абвінавачвалася ў зборы ў загадным парадку подпісаў супрацоўнікаў, проста запыталі, ці сапраўды яно гэта рабіла. І кіраўніцтва заявіла, што нічога такога не было. І ў выніку была зроблена выснова, што гэтыя факты не пацвердзіліся. Вось узровень Цэнтральнай выбарчай камісіі і разгляду скаргаў, якія паступалі туды.
— А ці былі яшчэ якія парушэнні выбарчага заканадаўства падчас гэтай выбарчай кампаніі?
— Кажучы ўвогуле пра кампанію, можна адзначыць ціск на дэмакратычных кандыдатаў з аднаго боку, а з другога – абсалютную адмову ў разглядзе па сутнасці скаргаў у дачыненні да каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Так, на пачатку парушэнні былі звязаныя з адмовай у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча. Гэта відавочнае парушэнне заканадаўства. Ніякіх прававых нормаў не рэгістраваць гэтага прэтэндэнта не было. А ўсё, што кажа ЦВК, — гэта выключна ацэначнае меркаванне, і яно ніяк не адлюстравана ў заканадаўстве. Можна абмяркоўваць, ці меў ён права быць кандыдатам у прэзідэнты, але не зарэгістраваць ініцыятыўную групу ЦВК не мела права.
Таксама варта адзначыць агульную дрэнную сітуацыю ў Беларусі. Гэта звязана і з нерэгістрацыяй грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Так, ужо ў пяты раз не была зарэгістраваная “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Адсутнічае свабода дзеянняў сродкаў масавай інфармацыі.
Падчас збору подпісаў мы фіксавалі дзясяткі выпадкаў супрацьпраўных дзеянняў датычна сябраў ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў. У Маладзечне, Брэсце, Наваполацку, Мінску, Бярозе і іншых гарадах сябры іх ініцыятыўных груп проста арыштоўваліся на пікетах альбо пры абходзе кватэр. Мелі месца і прэвентыўныя затрыманні. Адначасова з гэтым абсалютна не звярталася ўвага на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, а таксама на раздачу друкаваных матэрыялаў на яго пікетах. У цэлым трэба адзначыць, што збор подпісаў праходзіў у даволі свабоднай форме і была магчымасць збіраць іх практычна ў любых месцах.
Таксама мы фіксавалі злоўжыванне сродкамі масавай інфармацыі праўладнымі кандыдатамі. Была адназначна пазітыўная і шматразовая падача інфармацыі пра дзейнага прэзідэнта, пра дзейнасць яго ініцыятыўнай групы. І ў той жа самы час было замоўчванне або ачарненне дэмакратычных прэтэндэнтаў. Найбольш ад гэтага пацярпеў Анатоль Лябедзька.
Не трэба забываць і пра нядопуск дэмакратычных сіл у тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі. А гэта менавіта тыя органы, якія лічаць галасы. У іх прадстаўніцтва апазіцыі практычна роўнае нулю. У 99,45% участковых выбарчых камісій ніводнага прадстаўніка апазіцыі няма. І толькі ў 0,55% з 12-і чалавек адзін – прадстаўнік дэмакратычных сіл. Што, безумоўна, ніяк не сведчыць, што ён зможа паўплываць сваёй прысутнасцю. Усе астатнія абсалютна падкантрольныя ўладам. А гэта значыць, што нельга казаць пра нейкую дэмакратычнасць і кантроль з боку грамадскасці і давер да лічбаў, якія гэтыя камісіі будуць даваць.
Немагчыма будзе адсачыць празрыстасць і дэмакратычнасць галасавання. Відавочна з досведу папярэдніх кампаній, што рыхтуюцца найгрубейшыя фальсіфікацыі падчас далейшай хады кампаніі.
— Падчас гэтай кампаніі вялікі рэзананс набыло пытанне пра тое, хто з прэтэндэнтаў сабраў подпісы, а хто не сабраў і здаў, так бы мовіць, тэлефонныя даведнікі. У прыватнасці, такія прэтэнзіі выстаўляліся Таццяне Караткевіч, ёсць падазрэнні пра Мікалая Улаховіча і Сяргея Гайдукевіча. На гэтай жа падставе ЦВК адмовіў у рэгістрацыі Віктару Цярэшчанку.
— Мы як кампанія назірання “Права выбару” гэтым фактам адзнакі не даем, бо ў нас няма як фактаў фальсіфікацыі збору подпісаў, так і рэальнасці таго, што яны сабраныя. Праверыць гэта немагчыма.
— Чым “Права выбару” будзе займацца надалей?
— Надалей мы будзем адсочваць агітацыйны этап. Найбольш сур’ёзная праца пачнецца, калі стартуе датэрміновае галасаванне. Мы плануем вылучыць каля 2000 назіральнікаў па ўсёй краіне, якія пакрыюць больш чым 1000 участкаў. Больш чым у 100 населеных пунктах будуць нашыя прадстаўнікі. Яны будуць знаходзіцца на ўчастках увесь час падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў. Мы будзем адсочваць усе факты фальсіфікацый і парушэнняў, а таксама яўку, якая ў сённяшняй сітуацыі з’яўляецца адным з асноўных ацэначных фактараў, якія могуць казаць пра дэмакратычнасць або недэмакратычнасць выбараў. Самым галоўным фактарам, які мы будзем улічваць, — гэта допуск нашых назіральнікаў да падліку галасоў. У 99,9% выпадкаў назіральнікаў да падліку галасоў не пускаюць.
— А ў чым увогуле мэта назірання? Для чаго гэта праводзіцца?
— Генеральная мэта назірання – дамагчыся свабодных і дэмакратычных выбараў. Але падчас гэтай кампаніі, калі прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковых камісіях 0,55%, казаць, што мы зможам дамагчыся свабодных і дэмакратычных выбараў, не выпадае. Але назіранне важнае, бо існуе пытанне, ці будуць гэтыя выбары прызнаныя беларускай грамадскасцю і дэмакратычнымі краінамі. Для гэтага патрэбныя доказы фальсіфікацыі, доказы парушэнняў, доказы маніпуляцый з яўкай, нядопуск назіральнікаў да падліку галасоў. Без назіральнікаў гэта зрабіць немагчыма. Таму заклікаем далучыцца ўсіх тых, хто яшчэ не далучыўся. Ваш удзел вельмі важны.
— Вы з’яўляецеся хрысціянскім вернікам. Маеце сям’ю. Як Ваш удзел у палітыцы стасуецца з тым, што ўсялякая ўлада ад Бога? Вельмі часта лічыцца, што хрысціяне не павінны лезці ў палітыку, а павінны маліцца ды займацца дабрачыннай дзейнасцю.
— Па-першае, фраза “усялякая ўлада ад Бога” – не біблійная. Насамрэч фраза гучыць: “Няма ўлады, якая не была б ад Бога” (Рым. 13:1). Гэта значыць, што калі народ адыходзіць ад біблійных стандартаў, то можа атрымаць уладу ў пакаранне, каб ён адумаўся, каб ён звярнуўся і каб хрысціяне і цэрквы ўзялі на сябе тую адказнасць, якая на іх ускладзеная.
Я перакананы, што Беларусь прыйдзе да таго, калі не будуць перашкаджаць будаўніцтву цэркваў, калі цэрквы змогуць свабодна праводзіць евангелізацыю. І гэта ўсё магчымае толькі пры ўладзе, якая сапраўды абраная народам, а не ўзурпуе і фальсіфікуе выбары. Нам як хрысціянам трэба заўсёды казаць праўду і быць соллю зямлі. Калі законы парушаюцца, калі праўда зневажаецца, хрысціяне павінны стаць у іх абарону.
Таму я займаюся палітыкай, каб абараняць стандарты праведнасці, стандарты праўды, законы, каб абараняць беларусаў. Для мяне гэта пакліканне і служэнне, і я сапраўды буду старацца годна несці сваю адказнасць.
Я заклікаю хрысціянаў больш шырока глядзець на гэты свет. Калі мы не будзем удзельнічаць у нейкай сферы, яна ўсё адно будзе запаўняцца, але іншымі людзьмі. Калі вы кажыце, што палітыка – брудная справа, то гэта таму, што там брудныя людзі і няма хрысціянаў. Калі мы кажам, што дрэнныя законы, то гэта таму, што мы не хочам на іх уплываць. Толькі людзі, якія вераць у Бога, могуць сапраўды ўносіць правільныя і карысныя законы для хрысціянскага грамадства. Хочам мы гэтага ці не, але палітыка існуе і ёй трэба займацца.