Прадстаўнікі БХД назіраюць за выбарамі ў Нарвегіі (фота)
З 11 верасня дэлегацыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з навучальным партнёрскім візітам знаходзіцца у Нарвегіі, дзе 13-14 верасня праходзяць муніцыпальныя выбары.
Прадстаўнікі БХД правялі сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам партыі-партнёра – Нарвежскай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі (KrF), падчас якой абмеркавалі асноўныя пытанні муніцыпальных выбараў, апошнія палітычныя тэндэнцыі.
Таксама дэлегацыя азнаёмілася з асновамі мясцовага самакіравання ў Нарвегіі, асновамі палітычнай карціны Нарвегіі, наведала парламент, аказала дапамогу ў правядзенні пікетаў і распаўсюдзе інфармацыйных брашур.
Апроч таго, беларускія хрысціянскія дэмакраты ўзялі ўдзел у мерапрыемстве па падтрымцы бежанцаў у Нарвегіі, а таксама сустрэліся з Еханэсам Бергам з Інстытута сацыяльных даследаванняў на тэму “Досвед і вынікі эксперыменту па зніжэнні выбарчага ўзросту”.
“Галоўнае адрозненне Нарвегіі ад Беларусі – тое, што выбары ў Нарвегіі ёсць. Тое ж, што адбываецца ў Беларусі, нагадвае дрэнную тэатральную пастаноўку”, – адзначыла лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч.