Салігорскі пракурор пераслаў скаргу на райвыканкам у райвыканкам
Пракурор Салігорскага раёна Алег Аўдзей перанакіраваў старшыне Салігорскага райвыканкаму Аляксандру Рымашэўскаму заяву актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Уладзіміра Шылы, у якой той сцвярджаў, што мясцовыя ўлады сфальсіфікавалі шэсць калектыўных заяваў з 203-ма подпісамі на карысць будаўніцтва 98-кватэрнага дзесяціпавярховага жылога дома на стадыёне школы № 2.
«Але тая ж фальсіфікацыя і адбылася па загадзе Рымашэўскага. І вось пракурор палічыў за самае лепшае паслаць яму на праверку маю скаргу. Хаця я недвухсэнсоўна прапанаваў пракуратуры нават механізм праверкі: прыехаць, зрабіць вынятку жорсткага дыску і завесці справу. А яны даюць магчымасць Рымашэўскаму замесці сляды, паразмаўляць з тымі «падпісантамі» і быццам выглядаць добра», – адзначыў Уладзімір Шыла.
Ён адзначыў, што будзе звяртацца да пракурора і называць «рэчы сваімі імёнамі». «Калі вы не хочаце займацца нейкімі справамі, то, калі ласка, здымайце мундзір, спальвайце яго і ідзіце пчолак разводзіць. І не трэба прытварацца дарадцам юстыцыі, бо перасылаць і я магу», – падкрэсліў ён.
Апроч таго, галоўны ідэолаг Салігорскага раёну Мікалай Маскевіч адмовіў Уладзіміру Шылу ў правядзенні пікету супраць ушчыльнення гарадской забудовы, які быў запланаваны на 19 верасня з 12:00 да 14:00 на цэнтральнай плошчы Салігорска. Прычынай адмовы навана адсутнасць дамовы на прыборку тэрыторыі, хаця ў сваёй заяве актывіст пісаў, што сам прыбярэ ўсё магчымае смецце пасля пікету.