БХД будзе праводзіць свае, паралельныя “выбарам”, кампаніі
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 15 верасня правяла прэс-канферэнцыю, прысвечаную планам дзейнасці на бліжэйшы перыяд. У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел сустаршыні аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, менскі каардынатар Вольга Кавалькова і лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч.
«Нягледзячы на тое, што нядаўна зноў было незаконна адмоўлена ў рэгістрацыі хрысціянска-дэмакратычнай партыі, хрысціянскія дэмакраты працягваюць сваю працу. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – гэта не проста палітычная партыя ці грамадская арганізацыя, гэта шырокі грамадска-палітычны рух. Таму, згодна з рашэннем з’езду, у бліжэйшы час будзе праведзена рэгістрацыя грамадскага аб’яднання», – адзначыла Вольга Кавалькова.
Адной з важнейшых сфераў дзейнасці хрысціянскіх дэмакратаў у бліжэйшы час будзе абарона ўсіх грамадзян Беларусі ад карупцыі, прыгнёту дзейнай улады. «У сённяшніх умовах, калі выбараў у Беларусі няма, мы будзем праводзіць паралельныя кампаніі. У межах кампаніі «Урад для народу» распрацаваныя асноўныя законапраекты рэформаў у краіне», – паведаміў Павал Севярынец.
Першай запланавана кампанія «За якасную і даступную медыцыну для ўсіх» у падтрымку рэформы медычнай сістэмы ў Беларусі, распавёў Віталь Рымашэўскі. Мэта гэтай кампаніі – вярнуць даступную медыцыну для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, стварыць годныя ўмовы працы для медычных супрацоўнікаў.
Віталь Рымашэўскі таксама заклікаў грамадзян актыўна ўдзельнічаць у кампаніі назірання дзеля фіксацыі ўзроўню яўкі выбаршчыкаў. «Мы павінны зрабіць страшны сон Ярмошынай пра байкот рэчаіснасцю”, – сказаў ён.
Апроч таго, БХД заклікае да яднання дэмакратычных сілаў на глебе супольных каштоўнасцяў. Хрысціянскія дэмакраты будуць працаваць на ўмацаванне рэгіянальных кааліцый.
У сваю чаргу Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты будуць дамагацца, каб выконвалася дарожная мапа па рэформе сістэмы адукацыі ў межах далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. “Каб былі выкананыя тыя ўмовы, якія ставіліся перад Беларуссю перад яе ўваходжаннем у Балонскі працэс”, – сказала Марына Хоміч.
МХД таксама ставіць сабе за мэты стварэнне шырокай кааліцыі, асноўная задача якой – абарона правоў беларускай моладзі.