МХД і Кааліцыя дэмакратычнай моладзі Бабруйска правялі акцыю “Не быць скотам” (фота)

16 верасня 2015 11:44  |  Грамадства

МХД і Кааліцыя дэмакратычнай моладзі Бабруйска правялі акцыю “Не быць скотам” (фота)
У нечысці тваёй такая мярзота, што колькі Я ні чышчу цябе, ты ўсё нячысты; ад нечысці тваёй ты і далей не ачысцішся, пакуль лютасці Маёй Я не спатолю над табою.
(Езэкііль, 24:13)

У Бабруйску Маладыя хрысціянскія дэмакраты прынялі ўдзел у акцыі “Не быць скотам”, якую зладзіла Кааліцыя дэмакратычнай моладзі Бабруйска. Мэта акцыі – збіранне смецця з тэрыторыі помніка прыроды Лукавая Гара.

Справа ў тым, што на тэрыторыі прыродаахоўнай зоны маецца забароненым знішчэнне дрэў, хмызняку, развядзенне вогнішча, разбіўка турыстычных лагераў, стаянка і рух транспарту. Аднак часам нават усе гэтыя патрабаванні не выконваюцца. Што датычна смецця, дык яго на гэтым помніку бадай што болей за расліннасць. Людзі не шукаюць цывілізаваных шляхоў да адпачынку, але папросту выкідаюць усё долу. У той жа час, усяго ў некалькіх метрах ад Лукавай Гары стаіць сметнік, куды можна выкінуць той бруд, які ўтварыўся пасля адпачынку.

Удзельнікі акцыі, якіх падтрымалі больш спрактыкаваныя калегі па дэмакратычнай супольнасці (каардынатар БХД па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук і кіраўнік Бабруйскай філіі Прафсаюза “РЭП” Галіна Смірнова), абыйшлі тэрыторыю даўжынёю ў больш за 500 метраў.

– Мы зробім афіцыйны зварот у гарвыканкам, – кажа Зміцер, адзін з удзельнікаў акцыі, – каб быў палепшаны стан заказніка. Гэта будзе не проста заклік, але прапанова. Па-першае, варта зрабіць агароджу там, дзе на забароненую тэрыторыю заязджаюць аўтамабілі. Па-другое, неабходна паставіць сметнікі па ўсёй працягласці заказніка. І трэцяе, не дапускаць высякання расліннасці (вялікую колькасць якой ужо знішчылі паводле невядома чыйго загаду і пакінулі яе гнісці).

Маладыя актывісты не збіраюцца спыняцца на гэтым. Але працягнуць валанцёрскія акцыі для абуджэння грамадскай свядомасці ў сэрцах бабруйчан. На бліжэйшы час запланавана правядзенне шэрагу падобных акцый.

– Стан Лукавай Гары паказаў, што камунальнікам не проста здзяйсняць сваю працу, – кажа ўдзельнік “суботніка” Аляксей. – Тут трэба выхаванне. А менавіта гэтым мы займаемся, ладзячы падобныя мерапрыемствы.

Вынікам такога выхавання стала 20 мяхоў са смеццем. Гэта вельмі зашмат, улічваючы, што плошча ландшафтнага заказніка складае 30 з паловай гектараў, а да некаторых месцаў складана дабрацца. Акцыя доўжылася каля чатырох гадзінаў.

Яўген ВАСЬКОВІЧ

Болей навін