Рымашэўскі: Наша задача – зрабіць явай страшны сон Ярмошынай
Назіральнікі ад аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» на прэзідэнцкіх выбарах маюць намер асаблівую ўвагу надаваць прыходу выбарцаў. Пра гэта паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі 15 верасня ў Менску, пішуць «Беларускія навіны».
«Сёння гаварыць аб тым, што ў Беларусі ёсць свабодныя дэмакратычныя выбары, не даводзіцца. Таму БХД ставіць адной з галоўных сваіх мэтаў арганізацыю масавага назірання за галасаваннем, фіксацыю прыходу выбарцаў. Наша задача – зрабіць так, каб страшны сон Лідзіі Ярмошынай стаў явай. У незалежных назіральнікаў застаўся толькі адзін інструмент фіксацыі ходу галасавання, адна рэч, якую мы можам сапраўды зафіксаваць, – гэта ўдзел ці не ўдзел людзей у выбарчым фарсе», – заявіў Віталь Рымашэўскі.
Адзначым, што апошняя «выбарчая кампанія», якую байкатавала частка апазіцыі, суправаджалася рэкордна нізкім удзелам людзей. Назіральнікі і журналісты паведамлялі аб пустых участках як у Менску, так і ў іншых буйных гарадах. На думку многіх палітыкаў менавіта гэта вымусіла ўлады выступіць з ініцыятывай заканадаўчай забароны агітацыі за байкот. Упершыню такая прапанова была агучана восенню 2012 года, пасля «парламенцкіх выбараў».
Пачынаючы з 1996 года вынікі ўсіх «выбараў» і «рэферэндумаў» у Беларусі не прызнаюцца міжнароднай супольнасцю праз фальсіфікацыі.