Улады плануюць шырокамштабную правакацыю супраць незалежнага назірання (фота)
Ідэалогі ствараюць сетку «назіральнікаў» дзеля арганізацыі правакацый супраць незалежных назіральнікаў і распаўсюду хлусні пра нібыта справядлівыя выбары для міжнародных назіральнікаў. З гэтай мэтай па ўсіх гарадах Беларусі праводзяцца сустрэчы ідэолагаў са служачымі ЖЭСаў, супрацоўнікамі Мінадукацыі.
«Дзеянні праплачаных ідэолагаў недапушчальныя. Па сутнасці, у дадатак да сістэмы фальсіфікацыі выбараў выбарчымі камісіямі сёлета ствараецца сетка праўладных правакатараў. Мэты, выкладзеныя ў іх метадычках, не маюць нічога агульнага з мэтамі назірання. Іх мэтамі адразу пазначана садзейнічанне выбарчай камісіі. Ва ўзорах скаргаў, якія раздаюцца «назіральнікам», ужо ўпісаныя ўзоры заяваў у пракуратуру на незалежных назіральнікаў па надуманых прычынах. Па сутнасці, улады плануюць шырокамштабную правакацыю супраць сістэмы незалежнага назірання ў Беларусі», – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.
«Мы будзем звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, у суды, будзем даводзіць гэта да міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ. Мы будзем патрабаваць расследавання гэтай справы, высвятлення, на якой падставе і на чые грошы фінансуюцца правакатары, выдаецца дапаможная літаратура для іх», – заявіў ён.
«Адзіны спосаб супрацьдзеяння гэтаму – масавае незалежнае дэмакратычнае назіранне. Таму заклікаю ўсіх грамадзян Беларусі далучацца да незалежнага назірання. Наша галоўная задача – фіксацыя яўкі і недапушчэнне легітымацыі дзейнага рэжыму. Беларусы вартыя свабодных і незалежных выбараў», – падкрэсліў сустаршыня БХД.
Прапануем вашай увазе старонкі з «Даведніка назіральніка» ад улады, які беларускія хрысціянскія дэмакраты дасылаюць з рэгіёнаў:
У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.