У Слоніме, Берасці і Гомеле прайшлі акцыі па зборы подпісаў супраць расейскіх баз у Беларусі (фота)
На выходных сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі наведаў Слонім, Берасце і Гомель, дзе на рынках і цэнтральных вуліцах хрысціянскія дэмакраты правялі збор подпісаў за нейтральны статус Беларусі і супраць размяшчэння замежных вайсковых баз у Беларусі.
У акцыях таксама ўдзельнічалі рэгіянальныя каардынатар БХД Іван Бядко, Аляксандр Храпко.
“Людзі рэагавалі цалкам станоўча. Ніхто не хоча вайны ў Беларусі. Ніхто не хоча ўцягвання Беларусі ў чужыя вайсковыя авантуры. Людзі з задавальненнем ставілі подпісы. На жаль, улада ў Беларусі не арыентуецца на меркаванні людзей і зусім ад яго не залежыць. Калі б беларусы мелі магчымасць абіраць сабе ўладу і кіраваць сваёй краінай праз свабодныя выбары, ніводны бот ніводнага расейскага жаўнера не ступіў бы на беларускую зямлю”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
БХД будзе працягваць гэтыя акцыі, падчас якіх будзе распавядацца беларусам пра тое, што адбываецца, па ўсіх гарадах краіны. Подпісы з патрабаванням не размяшчаць замежныя базы будуць накіроўвацца ва ўрад Беларусі, а таксама да міжнароднай супольнасці, каб паказаць, што беларусы супраць замежных вайсковых базаў.
Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты заклікаюць далучацца да акцый супраць расейскіх базаў усіх неабыякавых грамадзян Беларусі.