Жыхары Цівіншчыны пагражаюць не пайсьці на выбары, калі ім не правядуць камунікацыяў
Вёску Цівіншчына 14 гадоў таму далучылі да Слоніма. Дагэтуль тут няма крамаў, асфальтаваных дарогаў, а на каналізацыю ад жыхароў патрабуюць па 17 мільёнаў рублёў. Жыхары былой Цівіншчыны сабралі сход і абвясьцілі, што ня пойдуць сёлета на выбары.
Былая вёска Цівіншчына ўжо 14 гадоў як мікрараён Слоніма. Праўда, да гораду яна ня вельмі падобная. Усе вуліцы маюць назвы, але асфальт паклалі толькі на Мінскай, дый тое, напэўна, яшчэ за савецкім часам.
Жыхары вуліцы распавядаюць, што вёску далучылі да гораду, а гарадзкіх камунікацыяў дагэтуль няма. Скардзяцца, што газ мусілі праводзіць за свой кошт, ваду таксама. Днямі сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады — і каналізацыю ім прапанавалі праводзіць таксама за свой кошт. У людзей лопнула цярпеньне, і яны сказалі, што ня пойдуць на выбары.
Я на адной з вуліц былой Цівіншчыны. Размаўляю зь людзьмі, яны распавядаюць пра свае праблемы:
«Ужо цэлае пакаленьне вырасла, ужо ў гэтага пакаленьня дзеці нарадзіліся, а ў нас дагэтуль няма каналізацыі. Электрычнасьць за свае грошы праводзілі, ваду таксама. Мясцовыя ўлады хочуць, каб мы і дарогі за свае грошы зрабілі, і каналізацыю таксама. А навошта нам тады патрэбная такая ўлада? Толькі дзеля таго, каб мы на выбары хадзілі?»
Да нашай размовы далучаюцца іншыя жыхары Цівіншчыны:
«А тым больш абяцалі, што на 2015 год выдзелілі сродкі на каналізацыю, зробяць, паказвалі паперы. А тут прыехаў нейкі малады чыноўнік да нас і кажа: я ня ў курсе. І дарогі мы самі за свае грошы насыпалі…»
«Тут, паглядзіце, такі мікрараён — Цівіншчына. А ў нас ні аптэкі няма, ні крамы. А паводле чыноўніцкіх паперак у нас усё заасфальтавана, ужо даўно зрабілі справаздачу. А цяпер мы сказалі, што ня пойдзем на выбары. Ім людзі патрэбныя толькі тады, калі пачынаюцца выбары, а так ім людзі не патрэбныя».
Да размовы далучаецца жанчына сярэдняга веку і кажа, што таксама ня пойдзе на выбары, бо іхніх праблемаў ніхто не вырашае.
«Тут наагул гэты раён ніяк не разьвіваецца, хоць жыве шмат маладых сем’яў. Бачу, што дзетак у гэтую школу ўсё меней ходзіць, бо ні аўтобуса, ні вуліцы не асьвятляюцца, ходнікаў няма, ды наагул нічога ня робіцца».
Яе дапаўняе сусед:
«Бюджэтныя грошы ідуць туды, дзе жывуць багатыя. Вунь на Сінічкіна жывуць дырэктары, прадпрымальнікі — у іх усё, і каналізацыя, і вуліцы заасфальтаваныя. Нам прадстаўнік ЖКГ сказаў, што на правядзеньне каналізацыі трэба здаваць па 17 мільёнаў. Яны што там, падурэлі? І гэта толькі на цэнтральную, а яшчэ да кожнага дома падвесьці трэба будзе».
«Я такія грошы ніадкуль узяць не магу. У нас калі адзін чалавек на ўвесь раён сабе дазволіць такое, і ўсё. Але ж адзін таксама нічога ня зробіць. А за гэтым іншыя працы стаяць, бо пакуль ня зробяць каналізацыі, немагчыма заасфальтаваць вуліцы».
Людзі кажуць, што ў пераважнай большасьці атрымліваюць па 2–3 мільёны заробку і ня маюць грошай на такія ўкладаньні. Больш за тое, шмат хто цяпер наагул ня мае працы.
Слонімскі каардынатар аргкамітэту БХД Іван Бедка распавядае, што з праблемамі гэтага мікрараёну ён зь іншымі актывістамі неаднойчы зьвяртаўся да чыноўнікаў, але дапамогі яны ніводнага разу не атрымалі.
«Мы неяк зьвярталіся да ўладаў, каб зьмянілі расклад руху аўтобусаў, бо людзям не пасавала да прыходу цягніка. Аўтобус адыходзіў на 10 хвілін раней перад цягніком. Дык нам напісалі адказ, што гэта немагчыма, бо расклад складалі ў менскім інстытуце і г.д. Вось так. А мы тады шмат подпісаў назьбіралі».
Жыхары былой Цівіншчыны кажуць, што дамовіліся чакаць яшчэ 10 дзён, і калі ўлады не адрэагуюць на іхнія праблемы, то павязуць у адміністрацыю прэзыдэнта перапіску з чыноўнікамі за 14 год, каб там паглядзелі, як дбаюць пра людзей і як рэагуюць на іхнія скаргі і просьбы.
Я пацікавіўся ў людзей — ці ёсьць у іхнім мікрараёне вуліца з назвай колішняй вёскі — Цівіншчына? Аказалася, што ніхто пра гэта не падумаў і назва зьнікла.