Вярхоўны суд разгледзіць справу нерэгістрацыі БХД пасля “выбараў” – 13 кастрычніка
29 верасня ў Вярхоўным судзе адбылося папярэдняе пасяджэнне па скарзе аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на адмову рэгістрацыі партыі Міністэрствам юстыцыі. Па яго выніках на 13 кастрычніка на 10:00 было прызначанае слуханне па справе, паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Менску Вольга Кавалькова.
Суддзя Бабкоў адзначыў, што асноўная прэтэнзія Мінюста заключаецца ў тым, што БХД не прадставіла ўсе запрошаныя дакументы. “На гэта я сказала, што згодна з законам аб палітычных партыях мы прадставілі ўвесь пералік дакументаў. А Мінюст перавышае свае паўнамоцтвы, патрабуючы нейкія дадатковыя дакументы”, – заявіла прадстаўнік аргкамітэту.
Вользе Кавальковай таксама атрымалася азнаёміцца з заявамі, якія напісалі жыхары Клічаўскага раёна аб тым, што яны не з’яўляюцца заснавальнікамі БХД, і якія заявілі, што рабілі гэта пад ціскам уладаў. Высветлілася, што заявы напісаныя амаль пад капірку і дублююць адна адну слова ў слова. А на адной заяве ўвогуле тэкст напісаны адным почыркам, а дата і подпіс – іншым. У сувязі з ціскам суд быў азнаёмлены, што ва Упраўленне Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці накіравана заява з просьбай узбудзіць крымінальную справу па факце ціску на заснавальнікаў партыі па арт. 194 КК.