Рымашэўскі: блакіроўка незалежных СМІ для Беларусі стала традыцыйнай
Факт блакіроўкі Naviny.by і БелаПАН яшчэ раз падкрэслівае, што ніякіх зменаў, ніякай лібералізацыі ў нашай краіне няма. “Атакі на незалежныя СМІ, іх блакіроўкі для Беларусі, на жаль, сталі традыцыйнымі”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
“І такія змены да пагаршэння сітуацыі можна назіраць практычна ў кожнай галіне жыцця ў Беларусі: эканамічнага, палітычнага. Падчас мінулай блакіроўкі СМІ ў канцы 2014 года мы звярталіся да МУС і іншых сілавых структур, якія мусяць забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзян на доступ да інфармацыі. Адусюль нам прыйшлі адпіскі, а з МУС прыйшоў ліст з пагрозай аб прыцягненні падпісантаў звароту да адказнасці нібыта за тое, што яны звярнуліся не па адрасе і МУС не мусіць займацца гэтымі справамі”, – нагадаў ён.
“Пакуль у Беларусі не будзе сістэмных змен, рэформаў заканадаўства, пакуль не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадскіх арганізацый і палітычных партый, ні пра якую лібералізацыю казаць нельга”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.