Моладзевыя арганізацыі Беларусі патрабуюць спыніць перадвыбарчы ціск на студэнтаў
Прадстаўнікі беларускіх моладзевых арганізацый “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты”, “Маладая Беларусь”, “Маладыя Дэмакраты”, “Альтэрнатыва” патрабуюць спыніць ціск на беларускіх студэнтаў, якіх прымушаюць удзельнічаць у датэрміновым галасаванні.
Беларускіх студэнтаў кожны выбарчы год у літаральным сэнсе зганяюць на датэрміновае галасаванне шляхам пагрозаў выключэннем альбо высяленнем з інтэрнатаў. Больш за тое, калі студэнты пацвердзяць свой удзел у датэрміновым галасаванні – адміністрацыя навучальных устаноў дае ім незапланаваныя выходныя. Гэта яшчэ раз даказвае тое, што існуючы рэжым не зацікаўлены ў разумных спецыялістах – яму больш патрэбна яўка на участках, чым навучэнне моладзі.
Мы заклікаем беларускіх студэнтаў не паддавацца на такія пагрозы і памятаць пра свае правы і чалавечую годнасць. Мы не павінны дазваляць, каб нас збіралі ў статак і зганялі на выбарчыя ўчасткі. Права на галасаванне – гэта асабісты выбар кожнага, таму калі не хочаш ісці 11 кастрычніка на ўчастак – не ідзі, сустрэнься з сябрамі за кавай!