Таццяна Севярынец заклікае ўлады не зносіць былую каталіцкую капліцу ў Віцебску
Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец звярнулася ў Віцебскі гарвыканкам у сувязі з рашэннем гарадскіх уладаў знесці ў Батанічным садзе будынак былой каталіцкай капліцы, пабудаваны ў 1859 годзе і перароблены ў 1939-м.
“Няўжо ў Віцебску так шмат гістарычных будынкаў? Няўжо грошы, якія будуць выдадзены на знос, распрацоўку нейкага праекту немагчыма скарыстаць на рэстаўрацыю капліцы, на захоўванне і выкарыстанне для навуковых даследаванняў, што патрэбныя саду? Падумайце пра нашчадкаў, якім тысячагадовая гісторыя горада з вашай дапамогай пакідае ўсё менш магчымасцяў бачыць гэтую гісторыю наяў. Капліца быццам не адносіцца да гістарычных помнікаў, а што перашкаджае аднесці і прывесці ў належны стан?” – задаецца яна пытаннем.
“Звяртаюся ад імя шматлікіх жыхароў Віцебска, якім баліць за родны горад, за яго багатую гісторыю, за тых, хто ўкладаў у яго развіццё і прыгажосць і грошы, і душу”, – адзначыла каардынатар БХД.