Самыя салодкія выбары праходзяць у Віцебску

07 кастрычніка 2015 10:57  |  Палітыка

Самыя салодкія выбары праходзяць у Віцебску

Самыя салодкія ў прамым сэнсе выбары праходзяць у Віцебску на выбарчым участку №68 Першамайскага раёна. Ён размешчаны ў будынку КУП “Віцебскі кандытарскі камбінат “Віцьба”. Кожны, хто прыйшоў на датэрміновае галасаванне з дзецьмі, атрымлівае вафельныя батончыкі вытворчасці “Віцьбы”. Такім чынам у першы дзень датэрміновага галасавання 6 кастрычніка за дзень прагаласавала 112 чалавек. Усяго выбарцаў тут зарэгістравана 2009.

На выбарчым участку 47 Кастрычніцкага раёна 6 кастрычніка ў першай палове дня прагаласавала 120 чалавек. Туды групамі прывозілі студэнтаў Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Калі іх запыталі, чаму яны прыйшлі галасаваць не 11 кастрычніка, яны адказалі: “нас настойліва папрасілі ва ўніверсітэце”. Побач на 46 участку, дзе студэнтаў не было сярод выбарцаў, за гэты ж час прышлі прагаласаваць толькі 5 чалавек.

Назіральнікі ад БРСМ і ад працоўных калектываў прыходзяць назіраць з адпаведнай брашуркай, дзе прапісана, што яны павінны назіраць за незалежнымі назіральнікамі і пісаць на іх скаргі. Нічога не сказана, што задача назіральніка сачыць, каб заканадаўства не парушалася і каб выбары праходзілі у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Болей навін