“Менсквадаканал” выклікае з адпачынку супрацоўнікаў, якія ўдзельнічаюць у назіранні

09 кастрычніка 2015 14:57  |  Галоўныя навіны

“Менсквадаканал” выклікае з адпачынку супрацоўнікаў, якія ўдзельнічаюць у назіранні

“Менсквадаканал” тэрмінова патрабуе выйсці на працу назіральнікаў ад “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” ў межах кампаніі “Права выбару”, пры гэтым ім пагражаюць праблемамі на працы.

Так, раніцай 8 кастрычніка з прадпрыемства патэлефанавалі назіральніцы Аксане Кавальковай (26 участак, Завадскі раён), якая з 5 кастрычніка знаходзіцца ў адпачынку, і папрасілі яе выйсці на працу. Пасля яе адмовы да яе на ўчастак у працоўны час прыехалі адна жанчына і два мужчыны, якія ўмалялі яе выйсці на працу, кажучы, што інакш звольняць іх. Але на гэта назіральніца заявіла, што хай яе звальняюць, але з адпачынку яна выходзіць не будзе.

Выйсці яе прасілі на 9-11 кастрычніка з 08:00 да 20:00 нібыта на месячнік па добраўладкаванні. Пры гэтым Аксане Кавальковай сказалі, што рабіць ёй нічога не трэба будзе – можна будзе пасядзець-пачытаць кнігу. Пры гэтым, жанчыны ведаюць, ад якой арганізацыі назірае супрацоўніца. Тэлефанаванні назіральніцы працягваюцца і 9 кастрычніка.

“Я абураная такой сітуацыяй. Цісне кіраўніцтва, прыязджаюць людзі ў мой законны адпачынак. Пры тым, што я сачу за выкананнем законнасці на выбарах”, – адзначыла назіральніца.

Яшчэ адзін з назіральнікаў ад БХД, які таксама працуе на “Менсквадаканале”, мусіў адмовіцца ад назірання.

“Мы будзем узмацняць назіранне на ўчастках, дзе адбываецца такі ціск, бо зразумела, што робіцца гэта, каб схаваць фальсіфікацыі”, – адзначыла каардынатар аргкамітэту БХД па Менску, дачка назіральніцы Вольга Кавалькова.

Болей навін