Прайсці ў ЦВК – усё роўна як на сакрэтны аб’ект
Дзве назіральніцы ад БХД трапілі ў святую святых – Цэнтральную выбарчую камісію. Аказалася, туды прайсці складаней, чым на сакрэтны вайсковы аб’ект.
На прахадной дзяжурны не разумеў слова “заява”, бо туды прыходзяць выключна са скаргамі (“жалабамі”). Пасля пацікавіўся, якіх участкаў тычыліся скаргі, пазваніў куды трэба, абшукаў наведвальніц і прапусціў праз металашукальнік. У памяшканні самой камісіі афіцэр іх абшукаў яшчэ старанней – перарыў дамскія сумкі з усімі аддзяленнямі і кішэнькамі ўключна. “Мы адчувалі сябе тэрарысткамі ў аэрапорце, – сказала адна з назіральніц Галіна Каржанеўская.– Відавочна, што ў Ярмошынай ёсць важкія падставы баяцца за сваё жыццё”.
Прыемны клерк даходліва растлумачыў, што ЦВК не павінен падмяняць раённыя камісіі і што скаргі на непразрыстую працэдуру падліку галасоў вернуцца па месцу жыхарства. Жанчыны тут жа адмовіліся ад сваёй задумы “прыструніць” старшыняў разам з намеснікамі і былі рады, што самі выйшлі з Дома ураду цэлымі і здаровымі.