Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт

17 кастрычніка 2015 11:07  |  Галоўныя навіны

Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт

Сустаршыню аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт у справе нашумелага затрымання і збіцця сляпога інваліда 18 верасня ў Менску на станцыі метро “Уручча”.

21 верасня Павел Севярынец звярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёна Менску з патрабаваннем пакараць супрацоўнікаў міліцыі, і спаслаўся на вядомае відэа ў сеціве.

Адказ следчага па асабліва важных справах А.Г. Іўчанкі паведамляе, што ўжо 19 верасня Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту ўзбудзіў крымінальную справу, але не па факце супрацьпраўных дзеянняў міліцыянтаў, а па ч. 2 арт 363 Крымінальнага кодэксу РБ (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак).

Паўлу Севярынцу прапанавана прыбыць у Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі.

– Беззаконне як яно ёсць, у чыстым выглядзе – каментуе сустаршыня БХД, – замест пакарання гвалтаўніка караюць ахвяру. Бессаромныя дзеянні супрацоўнікаў МУС ва ўсіх на слыху: то б’юць інвалідаў, то зневажаюць трэнера нацыянальнай зборнай, то ілжэсведчаць на футбольных заўзятараў, каб пакараць іх за шалікі з “Пагоняй”. Калі мы будзем проста абурацца на кухнях, беспакаранасць штурхне “праваахоўнікаў” на новыя злачынствы. Трэба брацца і ўсім разам казаць “праваахоўнікам” праўду ў твар.

Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт

Болей навін