Таццяна Севярынец. Бугі-вугі віцебскага бюджэту
Нейкія дзіўныя каленцы выкідвае віцебскі бюджэт..
Напрыканцы мінулага году як я ні дамагалася патрапіць на паседжанне Света дэпутатаў, на якім будзе прымацца гарадскі бюджэт, “народныя выбранцы” мяне не чулі. Не чуў і былы мой апанент на Парламенцкіх выбарах яшчэ 2008 году сп. Грыцкевіч, да якога я звярталася праз яго памочніка двойчы па гэтым пытанні. Цікавілі мяне асобныя аб’екты, за пабудову якіх страчана намі, ініцыятарамі кампаній і за будаўніцтва смеццепераапрацоўчага камбінату, і за паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева, і за якасную медыцыну ў Віцебску, так шмат высілкаў. А запланаваныя яны былі, як і шмат чаго карыснага і патрэбнага гораду яшчэ ў 2010 годзе. Ды й пазней, назапланавана ды невыканана…
Інвестыцыйную праграму знайшла на сайце гарвыканкаму яшчэ напачатку года, упэўнілася, што паліклінічны комплекс не ўключаны, хаця зверху білі ў грудзі і ўжо ў каторы раз абяцалі знайсці тую злашчасную капсулу, закапаную ў мікрараёне Білева былым губернатарам Віцебскай вобласці Касінцом з сябрам сп. Мікалайкіным, старшынёй Віцебскага гарвыканкаму, дзе, па іх агульных абяцаннях, павінен быў вырасці той комплекс.
Касінец, прыдаўшы гораду выгляд пляцоўкі для ваенных парадаў, пайшоў вышэй, кінуўшы адказваць за ўсё свайго паплечніка, маштабам паменей.
З бюджэта інвестыцыйнай праграмы гораду пачаліся звычайныя скокі: у верасні бягучага году скарочаны на 171,8 мільярдаў. Не будзе ўжо пачатага дзіцячага садку ў м-не Білева-2, наўрадці скончыцца будаўніцтва паліклінікі на Поўдні-7, ужо каторы тыдзень непарушна павесілі там будаўнічыя краны свае насы.
Але, чытаю, нейкі, для мяне не зусім зразумелы кансалідаваны бюджэт горада Віцебска ўжо выкананы ажно на 101, 2 адсотка… І ўраджай бульбы на Віцебшчыне… так, на Віцебшчыне, дзе глебы вельмі бедныя, самы высокі па краіне… Пэўна, я шмат чаго не разумею ў эканоміцы, згодна, ды й не павінна. А хто павінен? Хто кіруе танцамі з бюджэтам? Ці сам па сабе выкідвае ён такія каленцы?
Я не блытаю бугі-вугі з танга ці вальсам. Мяне цікавіць: колькі яшчэ будзеце хлусіць, спадарства ў высокіх кабінетах?