Рымашэўскі: Лукашэнка – сам сабе вораг (фота)
Сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец у складзе беларускай дэлегацыі прымаюць удзел у Кангрэсе Еўрапейскай Народнай Партыі (EPP) у Мадрыдзе. Падчас візіту адбылося шэрагу сустрэч кіраўніцтва БХД з партнёрскімі партыямі і еўрапарламентарыямі.
“У рэзалюцыю EPP трапіў пункт пра важнасць і неабходнасць працы з грамадзянскай супольнасцю падчас кантактаў Еўразвяза з Беларуссю. Гэта вельмі важна, бо многія еўрапейскія палітыкі ў пагоні за хуткімі вынікамі імкнуцца ігнараваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы і наўпрост мець справы з рэжымам. Гэта скончыцца нічым, бо дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць ва ўмовах адсутнасці выбараў – гэта адзіны спосаб адстойвання інтарэсаў простых беларусаў”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Палітык таксама паведаміў, што канчатковае рашэнне пра прыпыненне санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі адкладваецца. На гэта, паводле яго, паўплывалі маштабныя фальсіфікацыі падчас выбараў і немагчымасць незалежнага назірання за падлікам галасоў.
“У ЕЗ зараз думаюць, ці варта ісці на далейшыя крокі па збліжэнні з Менскам. Лукашэнка – сам сабе вораг, бо такія абсалютна брутальныя фальсіфікацыі вельмі моцна паўплываюць на пазіцыю краін Еўразвязу”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.