Жыхары вуліцы Лынькова ў Менску змагаюцца з ушчыльненнем двара

24 кастрычніка 2015 14:00  |  Грамадства

Жыхары вуліцы Лынькова ў Менску змагаюцца з ушчыльненнем двара

Ушчыльненне, запланаванае новым генеральным планам Менска (яго праект зараз абмяркоўваецца), праявілася на вуліцы М.Лынькова. Гэта вуліца густой аднабаковай забудовы, увесь яе правы бок заняты гаражамі ўздоўж чыгункі. Злева на адным вольным пятачку ўзвялі шматпавярховы жылы дом №17-А, на другі “паклала вока” ТАА “Парфюм Трэйд”. Кампанія аблюбавала невялічкі трохкутнік двара каля дома №7, адзінае месца, дзе зімою дзеці з’язджаюць з горкі, не баючыся трапіць пад колы транспарта.

Нечакана для жыхароў дома, без узгаднення з грамадскасцю тэрыторыю абгарадзілі, так пачалася будоўля крамы “Міла”. Створаны аргкамітэт па ратаванні куточка двара, адпраўлены пісьмы ў дзяржтэхнагляд, у дзве санітарныя службы, у архітэктурнае ведамства. Двойчы звярталіся ў Мінскі гарвыканкам. Усе як вады ў рот набралі. Адзіны вынік – горад адфутболіў калектыўны зварот у Фрунзенскую адміністрацыю.

Прадстаўнік кампаніі сцвярджае, што гэты ўчастак зямлі куплены на аукцыёне (!) у 2013 годзе. Добра, што не з домам і людзьмі (і такія выпадкі здараліся ў сталіцы). Наколькі законная такая здзелка, яшчэ прадстаіць высветліць. В.А.Далгачова, член аргамітэту, распавяла: “Калі людзі прасілі абсталяваць тут аўтастаянку, нам адмовілі – маўляў, зялёная зона. Будаўніцтву крамы, аказваецца, зеляніна не памеха. Я разумею, што ў нас краіна-партызанка, але мы не будзем расцягваць агароджу і паліць бытоўкі. Мы збіраемся цывілізаваным шляхам змагацца за нашу прыдваровую тэрыторыю.”

Болей навін