Дзяржінспекцыя сустрэлася з жыхарамі дома па вуліцы Лынькова (фота)
Дом № 7 па вуліцы Міхася Лынькова працягвае адстойванне невялікай прыдваровай тэрыторыі, дзе знаходзяцца зялёная зона і гуляюць дзеці. Там распачата будоўля крамы гандлёвай сеткі “Міла”: агароджана пляцоўка, прывезены бытоўкі і будматэрыял. Усё гэта ў некалькіх кроках ад пад’езда. Пашпарт аб’екта нагадвае “фількіну грамату” – ні прозвішчаў, ні тэлефонаў, што само па сабе падазрона.
У адказ на шматлікія скаргі жыхароў ва ўсе інстанцыі з’явіліся два чыны Дзяржбуднагляду – Шаранкоў А.П. і Роўба Ю.А. Пры размове дзяржслужачыя далі зразумець жыхарам дома, што ёсць сілы, з якімі не пазмагаешся. Маўляў, мы можам тое, што можам, а яны – каралі. ”Яны” – гэта ўплывовая расійская фірма “Парфюм Трэйд”, якая і валодае гандлёвай сеткай. Іх прадстаўнік сцвярджае, што зямля куплена ў 2013 годзе, але не прад’явіў дазволу на пачатак будоўлі.