Георгі Дзмітрук. Бог супраць дыктатараў і карупцыянераў

27.10.2015, 09:50  |  Галоўныя навіны, Блог Георгія Дзмітрука, Грамадства

Георгі Дзмітрук. Бог супраць дыктатараў і карупцыянераў
Біблія дае бескампрамісную ацэнку карупцыі і беспакаранасці аўтарытарных кіраўнікоў грамадства і дзяржавы. Пачытаем урывак з Езэкіеля 34 раздзела (пераклад на беларускую мову паводле Янкі Станкевіча – krynica.info):
«Вы (кіраўнікі — пастыры) ясьце й воўнаю адзяіцеся, рэжаце ўкормленых, але чарады ня пасьвіце. Слабых вы не сіліце, хворага ня лечыце, зломаў не завязуеце, адпіхнёнага не зварачаеце, згубленага ня шукаеце, але сілаю радзіце іх, ды стродка».

У гэтым урыўку Пісання некаторыя кіраўнікі прама абвінавачваюцца ў карупцыі і аўтарытарнасці, у адсутнасці здаровага сэнсу і ў марнатраўстве. Такія кіраўнікі жывуць за кошт народа «на шырокую нагу», а паспяховых грамадзян абкладваюць празмернымі падаткамі.

Напоўніць бюджэт любымі метадамі — крэда такой сістэмы. Прычым, кіруюць народам з гвалтам і жорсткасцю.
«Авечкі Мае блудзяць па ўсіх гарах і на кажным высокім узгорку; але, па ўсім відзе зямлі расьцярушаны авечкі Мае, і ніхто не сачыў і ня шукаў іх», — піша прарок Езэкіель, намякаючы аб выніках такога праўлення — вымушанай масавай эміграцыі народа.

А вось і прысуд аўтарытарным кіраўнікам: « гэтак кажа Спадар СПАДАР: гля, Я супроці пастыроў, і Я спаганю (запатрабую) чараду Сваю з рукі іхнае, і аддалю іх ад пашчаньня авец, і наперад пастыры ня будуць пасьвіцца самы (не дазволю ім больш красці), бо Я вывальню (забяру ўладу ў такіх кіраўнікоў) авечкі Свае ад роту іхнага, і ня будуць ежаю ім».

Няма сэнсу каментаваць прысуд Бога.

Палітычнае фіяска, гістарычная ганьба, забыццё уласнага народа — гэта тое, што чакае ўсіх такіх карупцыянераў і дыктатараў, незалежна ад таго, як называецца ваша краіна — Беларусь, Расія, Украіна ці Сірыя.

Krynica.info

Навіны па тэме