Сяргей Верамеенка. Як найлепш сапсаваць святы, альбо “З Новым годам, родны край!”
1 студзеня 2016 беларускія прадпрымальнікі чакаюць з жахам. Для кагосьці гэта будзе свята. Але толькі не для іх. “Апошняе кітайскае папярэджанне”, датычнае сертыфікацыі ўвезеных тавараў – гэта, нажаль не канчатковая праблема, што чакае ІП-эшнікаў. Абавязковае ўсталёўванне банкаўскіх тэрміналаў для безнаяўных разлікаў у кожнай гандлёвай кропцы, дзе існуе касавы апарат – вось яшчэ адзін камень на шыю дробных гандляроў таварамі і паслугамі.
21 траўня 2014 г. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь прынята сумесная пастанова №489 / 7 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2011г. №924 / 16 ». Гэта пастанова тычыцца таксама Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія абавязаны ўсталяваць у сваіх пунктах рэалізацыі тавараў і паслуг плацёжныя тэрміналы. Усё б нічога, але… Гэтае адвечнае “АЛЕ”, як заўсёды датычнае нашых беларускіх рэалій.
Па-першае: кошт згаданага абсталявання надмерна высокі, што можа прывесці да пагаршэння і так ня самага лепшага фінансавага стану прадпрымальнікаў ва ўмовах складанай эканамічнай сітуацыі. Таксама гэта можа паставіць пад пагрозу існаванне некаторых дробных гандляроў з невысокай выручкай. Асабліва гэта тычыцца тых ІП, для якіх іх дзейнасць не з’яўляецца асноўным заробкам.
Па-другое: на дадзены момант населеныя пункты, уключаючы рэчавыя і прадуктовыя рынкі, дастаткова асбталяваныя банкаматамі. Таму не існуе ніякай праблемы разліку з ІП у пунктах рэалізацыі тавараў (паслуг). Тое ж самае тычыцца і разлікаў з ІП – кіроўцамі таксі. Па маршруце руху аўтамабіля заўсёды знойдзецца банкамат, у якім пасажыр можа зняць грошы са свайго рахунку пры адсутнасці наяўных.
І галоўнае: калі прадпрымальнік выявіць такую неабходнасць, ён сам набудзе тэрмінал, не чакаючы ўступлення пастановы ў сілу. ІП з банкаўскім тэрміналам, натуральна будзе выглядаць пераважней прадпрымальніка, які яго не мае. Няхай жа кожны ІП самастойна прымае рашэнне аб мэтазгоднасці ўстаноўкі банкаўскага абсталявання, зыходзячы са сваёй фінансавай сітуацыі і рынкавай каньюктуры. Самы лепшы стымул – гэта свабодная адкрытая канкурэнцыя.
Так, існуюць “адносна недарагія” банкаўскія тэрміналы коштам каля 3 000 000 рублёў. Напрыклад “Гандлярок”. Але (зноў!) яны не выдаюць чэка, што пацвярджае колькасць спісаных сродкаў з рахунку пакупніка. Адпраўка смс-паведамлення на мэйл спажыўца не вырашае праблемы. А раптам чалавек не мае электроннай скрыні? Да таго ж “Гандлярок” зацягвае саму аперацыю па пераводу грошаў (часцяком “завісае” плюс складанае меню), чым запавольвае працэс працы. Набыванне больш “спрытнага” тэрмінала, адпавядаючага ўсім патрабаваньням абыдзецца прадпрымальніку ў суму каля 10 000 000 рублёў (больш-менш). А ўсё “…таму што манаполія!”, – як казаў О’Генрыеўскі Эндзі Такер.
Цяпер прапаную паглядзець на праблему ў агульнарэспубліканскім зрэзе. Так, ёсць Мінск з яго “хуткасным рухам” ва ўсіх сэнсах. Але ж, спадарства, не забывайцеся і на Абласныя гарады. А раённыя? Іх гэтая мера кранецца 1 студзеня 2017 года. То бок зноў адкладванне праблемы замест яе вырашэння. З-за пагаршэння эканамічнага стану тарыфы на тавары і паслугі зніжаюцца. ІП-шнікі закладваюць усё меншую маржу, каб толькі заставацца на плаву. Падчас збору подпісаў я часцяком ад іх гэта чуў. І гэта водгукі прадпымальнікаў Грародні. А што казаць пра Наваградак, Шчучын, ці Скідзель? Яшчэ прыклад – праезд у гарадзенскіх таксоўках у апошні год скараціўся ўдвая. Цана паездкі пачынаецца ад 20 000 рублёў. Не варта забывацца, што ІП-шнікі таксісты таксама з’яўляюцца “носьбітамі касавых апаратаў і з 1 студзеня абавязаны…”. І гэта пры тым, што кожны ў якасці працоўнага месца выкарыстоўвае маючы быць дагледжаным свой уласны далёка не танны самаход. Недалёка ад мяне знаходзіцца прыватная абутковая майстэрня, гаспадар якой, пенсіянер, рамантуе чаравікі. Цана рамонту ў сярэднім складае 40 000 рублёў. Чалавек яўна не грабе грошы рыдлёўкай. А колькі такіх мікра-прадпрымальнікаў у Беларусі! Пра іх думалі складальнікі пастановы?
Гарадзенскія таксісты – ІП-эшнікі ўжо пісалі звароты ў Нацбанк і Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы супраць пастановы. Адказ просты: з-за часовай благой эканамічнай сытуацыі мы ўжо пайшлі вам насустрач – адклалі ўвод у сілу пастановы на 01. 01. 2016 года. Чакайце, спадары чыноўнікі. А што, ёсць перадумовы, што з 1 студзеня ўсё палепшыцца? На якой такой падставе? Па чыім дадзеным і прагнозам? Ці можа сапраўды СПАЧАТКУ дамагчыся РЭАЛЬНАГА эканамічнага ўздыму, а ўжо потым ПРАПАНАВАЦЬ (!) меры па паляпшэнню ўмоў разліку сажыўцоў з ІП. І вядома не такім коштам.
Наша сацыяльна арыентаваная дзяржава клапаціцца аб сваіх грамадзянах. Прынамсі так дэкларуецца. Дык няўжо ж прадпрымальнікі не з’яўляюцца нашымі грамадзянамі? А спажыўцы, хіба таксама ў канчатковым выпадку заплоцяць за чарговую “геніяльную ідэю па паляпшэнню абслугоўванню насельніцтва”, прымаючы каторую чынавенства як звыкла ні з кім на параілася.
Цяпер мы разам з групай прадпрымальнікаў збіраем подпісы пад калектыўным зваротам у Гарадзенскі Аблвыканкам, СаўМін, і Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы з тым, каб адмяніць пастанову па пагаршэньню эканамічнага стану беларускіх ІП. Жадаючыя далучыцца могуць звяртацца да мяне па тэлефоне +375 29 5082082, або на маю старонку ў Фэйсбуку.
Сяргей Верамеенка, БХД.