У Віцебскай вобласці найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выяўлена ў ахове здароўя
У Віцебскай вобласці найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выяўлена ў ахове здароўя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пракуратуры Віцебскай вобласці.
За студзень-верасень у рэгіёне зарэгістравана 121 карупцыйнае злачынства. Найбольшая іх колькасць выяўлена ў сферы аховы здароўя – 33, затым ідуць будаўніцтва (12), сельскагаспадарчая вытворчасць (11) і сфера прадастаўлення паслуг (11). Больш за ўсё карупцыйных злачынстваў зарэгістравана ў Віцебску (39) і Наваполацку (31). У структуры карупцыйнай злачыннасці па-ранейшаму пераважаюць факты хабарніцтва і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі – 42 і 44 злачынствы адпаведна.
За ўчыненне злачынстваў дадзенай катэгорыі да адказнасці прыцягнута 59 асоб, у тым ліку два прадстаўнікі ўлады і тры службовыя асобы, якія займалі адказнае становішча.
Органы пракуратуры правялі 89 праверак па пытаннях выканання патрабаванняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў распачата 16 крымінальных спраў, 202 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку двое вызваленыя ад займаных пасадаў, 55 – да адміністрацыйнай, 18 – да матэрыяльнай.