Галіна Каржанеўская: Міністэрства гандлю працуе на алкагольнае лобі
Па выніках антыалкагольнага рэйду ў пачатку снежня атрыманы два адказы. “Карона-1” на Кальварыйскай, да завязкі застаўленая спіртным, абмежавалася сціплай канстатацыяй, што прапанова ”рассмотрена и принята к сведению”.
Па-першае, прапаноў па ўпарадкаванні продажу алкаголю ў гіпермаркеце было некалькі. Па другое, упраўляючаму філіялам А.Дзям’янчыку належала даць канкрэтны і ўцямны адказ, а не адпіску, – што іменна зроблена, а калі не зроблена, то чаму.
Новая “Карона-2” (яшчэ, мабыць, не сапсаваная) адказна паставілася да факту грамадскай праверкі. З адказу упраўляючага філіялам І.А.Пухава мы даведаліся:
1. Што абмежаванняў па плошчы, адведзенай пад рэалізацыю алкагольнай прадукцыі, нарматыўнымі актамі не ўстаноўлена.
2. Што агульная колькасць алкагольнай прадукцыі не можа быць зменшана (!) у сувязі з Пастановай №20 Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь ад 08.05.2014 г.
Вышэйзгаданая Пастанова вартая таго, каб быць абнародаванай. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца, што “для торговых объектов типа “гипермаркет”, к которым относится и магазин “Корона” в Торговом центре “Замок”, обязательному включению в ассортиментный перечень подлежит не менее 500 разновидностей водки и ликеро-водочных изделий, 285 разновидностей вина, 60 разновидностей вина плодового, 25 разновидностей вина плодово-ягодного, 25 разновидностей шампанского (вина игристого), 32 разновидности коньяка и 120 разновидностей пива.”
Удумайцеся ў гэтыя лічбы!
Ініцыятар рэйду хрысціянскіх дэмакратаў Галіна Каржанеўская пракаментавала сітуацыю так: ”Зусім у эканоміцы справы дрэнь, калі стаўку дзяржава робіць на Зялёнага змія. Такая завышаная прапанова відавочна не адпавядае попыту – нават у краіне з даўнімі алкагольнымі традыцыямі. Што, вядомы лозунг “Купляйце беларускае” ўжо адкінуты? Ёсць прыкметы таго, што Міністэрства гандлю працуе на алкагольнае лобі і мае ад гэтага асабістую карысць”.