Сябры БХД узялі ўдзел у дабрачынным марафоне “Дапамажы беларускаму салдату” (фота)
Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Андрэй Мельнікаў і Наталля Бордак узялі ўдзел у дабрачынным марафоне “Дапамажы беларускаму салдату”, арганізаваным Маладым Фронтам.
Падчас мерапрыемства, які вёў лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, на аўкцыён былі выстаўлены некалькі карцінаў, ахвяраваных мастакамі Міхалам Анемпадыставым і Наталляй Бордак.
Пра сітуацыю ў зоне АТА распавялі ўкраінскія госці, валанцёркі, якія займаюцца непасрэдна зборам і дастаўкай рэчаў для тактычнай групоўкі “Беларусь” і іншых добраахвотных частак, Вольга і Аляксандра. Яны адзначылі, што існуе ініцыятыва валанцёраў, на якую ўжо атрыманы вусны дазвол Кіеўгарсавета, на вуліцы Беларуская ўсталяваць памятны знак загінулым за свабоду Украіны беларусам Міхаілу Жызнеўскаму, Алесю Чаркашыну і Віталю Ціліжэнку, паведамляе “Новы Час”.
Актывістка і рэжысёрка Вольга Мікалайчык падзяліліся сваімі ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Кіеў і Адэсу. Яна распавяла, што бліжэйшым часам на базе кіеўскага клуба “Купідон” будуць праходзіць творчыя сустрэчы з беларускімі літаратарамі і музыкамі, грошы ад якіх пойдуць на падтрымку вайскоўцаў-добраахвотнікаў.
Перад прысутнымі выканалі нізкі ўласных песень барды Андрэй Мельнікаў і Зміцер Захарэвіч. Былі прадэманстраваныя ўрыўкі з дакументальных стужак тэлеканала Белсат “Беларусь”, а таксама кінастужкі, прысвечанай Міхаілу Жызнеўскаму.