У Віцебску прайшла творчая сустрэча з сябрам БХД Георгіем Станкевічам (фота)
16 лютага ў Віцебску адбылася творчая сустрэча з аўтарамі стужкі “Я лічу, што я шчаслівы” і з яе героем – самім паэтам і бардам, сябрам аргкамітэту БХД Георгіем Станкевічам. Настаўнік, гаспадар, які кінуў горад, перабраўся ў вёску, завёў невялікую гаспадарку, выдае газету “Крывінка”(па назве рачулкі, на беразе якой стаіць яго дом).
Георгій Станкевіч вядомы не толькі ў Бешанковічах, але і па ўсёй Віцебшчыне. Ён упэўнены, што кожны павінен пакінуць добры след на зямлі, выканаць сваё прызначэнне. У сям’і размаўляюць па-беларуску, па-беларуску піша і вершы. У яго 5 вершаваных зборнікаў. Вельмі любіць песні Уладзіміра Высоцкага, 15 ужо пераклаў на беларускую мову. Музыку піша сам, выконвае свае песні перад усімі, каму гэта патрэбна, чыя душа прагне беларускага слова, кранальнай лірыкі, баявога настрою.
Трэба адзначыць, што улады тройчы спрабавалі зачыніць “Крывінку”, судзілі спадара Георгія, прызначалі вялікія штрафы, але ён упэўнены, што яго газета патрэбна людзям – яе чакаюць, чытаюць, абмяркоўваюць, дзеляцца з суседзямі. Дзякуй, што Вы ёсць, спадар Георгій!