Правацэнтрысты патрабуюць ад Магілёўскага гарвыканкаму правесці круглы стол па карупцыі (фота)
Лідары правацэнтрысцкіх партый і арганізацый Беларусі Віталь Рымашэўскі (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя), Анатоль Лябедзька (Аб’яднаная Грамадзянская Партыя) і Юрась Губарэвіч (Рух За Свабоду) разам з актывістамі Магілёва 1 сакавіка перадалі ў Магілёўскі гарвыканкам зварот з патрабаваннем правесці круглы стол па карупцыі.
Удзел у круглым стале павінен быць гарантаваны прадстаўнікам грамадства і прадпрымальнікам, паведаміў прэсавай службе БХД Віталь Рымашэўскі.
“У аддзеле рэгістрацыі зваротаў дакумент прымаць адмовіліся, сказаўшы, што ў Магілёве карупцыі няма, і накіравалі ў аддзел кантролю. Але і там зварот ад грамадзян браць не хацелі, заявіўшы, што могуць прыняць зварот толькі ад якой-небудзь партыі. Але паколькі прысутнічаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, то прыняць зварот яны ўсё-такі былі вымушаныя”, – адзначыў каардынатар БХД у Магілёве Алег Аксёнаў.