БХД падае ў Камітэт дзяржкантролю скаргу на Мінюст
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” падае ў Камітэт дзяржаўнага кантролю скаргу на Міністэрства юстыцыі з той прычыны, што Мінюст парушае артыкул 9.13 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб).
14 снежня 2015 года адбыўся ўстаноўчы з’езд Партыі БХД, 24 снежня дакументы былі пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі партыі. Але 22 студзеня 2016 года Мінюст напярэдадні разгляду ЕС пытання санкцый да беларускіх чыноўнікаў на месяц прыпыніў працэс рэгістрацыі. Пры гэтым увесь час на заснавальнікаў партыі аказваўся ціск.
“З моманту прыпынення рэгістрацыі прайшло ўжо больш за месяц. Адказ мусіў быць дадзены яшчэ 22 лютага, а сёння ўжо 2 сакавіка, а адказу ўсё няма. Відавочна, што Мінюсту закон непісаны, бо яны ўвесь час парушаюць усе мажлівыя тэрміны, а потым спрабуюць іншых вучыць здзяйсняць законы”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.