Бабруйскія актывісты патрабуюць скасаваць пастанову Мінздара аб падаражэнні медычных паслуг
Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таісія Кабанчук, прадстаўнік партыі «Справядлівы свет» Леанід Чугураў і грамадская актывістка Валянціна Марусава 4 сакавіка наведалі бабруйскую паліклініку № 2, куды іх выклікалі, каб даць адказ на зварот да міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Але адказу яны так і не атрымалі.
Раней па ініцыятыве бабруйскіх актывістаў «Справядлівага свету» міністру аховы здароўя быў накіраваны зварот з патрабаваннем скасаваць пастанову Мінздара № 128 аб павелічэнні коштаў на медычныя паслугі. Да напісання звароту далучыліся грамадскія актывісты і дзеячы БХД, працягнуўшы, такім чынам, сваю кампанію «За якасную медыцыну». Аднак пісьмовага адказу яны не атрымалі, замест гэтага іх выклікалі ў паліклініку, дзе з ім размаўлялі: намеснік галоўнага ўрача Таццяна Дземянкова, эканаміст гарадскога аддзялення аховы здароўя Тамара Крупіца і эканаміст Наталля Чарпакова.
“Атрымалася як у старым савецкім анекдоце: “на ваш зварот да старшыні ЦК КПСС адкажа прадстаўнік ЖЭСу № 15”, – адзначыла Таісія Кабанчук.
Пры гэтым чыноўнікі ад медыцыны адразу заявілі, што 28 подпісаў пад зваротам ні на што не паўплываюць. На гэта яны атрымалі адказ, што прадстаўнікі БХД ужо сабралі па ўсёй Беларусі дзясяткі тысяч подпісаў у падтрымку кампаніі “За якасную медыцыну”. Збіраюць подпісы і актывісты “Справядлівага свету” ў іншых гарадах.
Тады ўжо прадстаўнікі ўладаў пачалі апраўдвацца, што падаражанне паслуг выкліканае цяжкім эканамічным становішчам у краіне. “Але мы ім сказалі, што нам не патрэбныя прычыны. Нам патрэбны адказ: ці скасуе Жарко сваё рашэнне. Урачы разгубіліся, не ведаючы, што сказаць. А калі мы пачалі казаць, што ў дзеючай уладзе не так, што ў гэтым крызісе вінаватыя тыя, хто падтрымліваў уладу і фальсіфікаваў на яе карысць выбары, яны зусім спужаліся і папрасілі не казаць пра палітыку, бо «ў кабінеце могуць стаяць жучкі». У выніку размовы прадстаўнікі аховы здароўя паабяцалі самі адказаць на зварот да міністра”, – паведаміла Таісія Кабанчук.