Міхаіл Пастухоў. Суды для новай Беларусі

07 сакавіка 2016 17:58  |  Грамадства

Міхаіл Пастухоў. Суды для новай Беларусі

Якія нашы суды? Адказ на гэтае пытанне ведаюць усе, хто хоць бы адзін раз сутыкаўся з судамі і суддзямі. Уражанне – не з лепшых: невыразныя асобы ў чорных строях; змрочныя памяшкання з жалезнымі клеткамі; стомная працэдура; наканаваныя рашэння; немагчымасць дамагчыся справядлівасці.

Падобна судам дзейнічаюць “спадарожнікавыя” органы: папярэдняга следства, пракуратура, органы ўнутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі. Захоўваецца бяссільная і залежная ад органаў юстыцыі адвакатура. А яшчэ – турэмная сістэма часоў Сталіна з рабскім становішчам зняволеных.

Калісьці на світанку беларускай дэмакратыі па ініцыятыве старшыні камісіі па заканадаўстве Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Д.П.Булахава была распрацавана і прынята Канцэпцыя судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь. Яна намеціла асноўныя напрамкі пераўтварэнняў судоў і праваахоўных органаў. Аднак якіх-небудзь тэрмінаў правядзення рэформы не вызначалася. У пастанове Вярхоўнага Савета ад 23 красавiка 1992 г. замацоўвалася толькі даручэнне камісіям па заканадаўстве і па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю «…ўзяць пад кантроль падрыхтоўку пакета заканадаўчых актаў аб судова-прававой рэформе і ажыццяўленне іншых практычных мер па яе рэалізацыі» .

Такая рэгламентацыя кантрольнага механізму рэформы прывяла да таго, што дасягненне яе мэтаў адкладалася на нявызначаны час і ставілася ў залежнасць ад падрыхтоўкі новых заканадаўчых актаў. Гэта прывяло да «ціхага сабатажу» рэформы з боку кіраўнікоў судоў і праваахоўных органаў, якія не былі зацікаўлены ў змене звыклай сістэмы.

Пасля прыходу да ўлады А. Р. Лукашэнкі ідэі правядзення судова-прававой рэформы былі канчаткова знятыя з «парадку дня». Новае заканадаўства, у тым ліку новая рэдакцыя Канстытуцыі, захавалі ранейшую сістэму судоў і праваахоўных органаў з некаторымі нязначнымі зменамі. Усе яны апынуліся «пад крылом» кіраўніка дзяржавы: прызначаныя, залежныя, кантраляваныя.

Відавочна, што новы час патрабуе іншай арганізацыі судоў, іншай прававой палітыкі і заканадаўства.

Вашай увазе прапануецца новая рэдакцыя Канцэпцыі судова-прававой рэформы, заснаваная на палажэннях Канцэпцыі 1992 г., якія апраўдалі сябе, і з улікам новага вопыту і беларускіх рэалій.

Самыя важныя моманты:

1) замест прызначэння суддзяў прапануецца іх абранне: суддзяў вышэйшых судоў – Парламентам, суддзяў ніжэйстаячых судоў – мясцовымі прадстаўнічымі органамі па рэкамендацыі судовай супольнасці; тэрмін абрання суддзяў – 5 гадоў з правам перавыбрання;

2) асноўным звяном судовай сістэмы становяцца міжраённыя (акруговыя) суды, сфармаваныя па судовых акругах. Гэта дазволіць уніфікаваць суды па колькасці і нагрузцы і вывесці іх з падпарадкавання мясцовых органаў улады;

3) уводзіцца суд прысяжных засядацеляў для разгляду крымінальных спраў, дзе абвінавачваны не прызнае сябе вінаватым у здзяйсненні злачынства; інстытут народных засядацеляў адмяняецца; уводзіцца пашыраны склад суддзяў па справах аб цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах;

4) на суды ўскладаецца абавязак разглядаць усе скаргі грамадзян на дзеянні (рашэнні) органаў кіравання і службовых асоб, якія парушаюць іх правы і свабоды;

5) суды надзяляюцца правам выдаваць санкцыі на заключэнне асоб пад варту, а таксама на правядзенне працэсуальных дзеянняў, звязаных з замахам на правы і свабоды грамадзян;

6) Канстытуцыйны суд надзяляецца правам правяраць канстытуцыйнасць усіх нарматыўных актаў, а таксама праектаў міжнародных дагавораў і раней заключаных дагавораў; грамадзяне атрымліваюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі, на іх думку, нейкія нарматыўныя акты парушаюць іх канстытуцыйныя правы і свабоды;

7) Следчы камітэт, створаны пры кіраўніку дзяржавы, скасоўваецца; на яго аснове ствараецца Следчы камітэт у складзе Пракуратуры Рэспублікі Беларусь;

8) органы пракуратуры перастаюць ажыццяўляць агульны нагляд «за ўсімі» і «ўсім» і будуць сканцэнтраваны на забеспячэнні законнасці расследавання злачынстваў і падтрыманні абвінавачвання ў судах;

9) адвакатура набывае статус самастойнай арганізацыі юрыстаў, якія аказваюць прававую дапамогу насельніцтву і арганізацыям; такі ж статус набываюць натарыусы;

10) органы ўнутраных спраў скарачаюцца і рэфармуюцца, набываюць статус грамадзянскага ведамства;

11) органы дзяржаўнай бяспекі перастаюць выконваць функцыю палітычнага вышуку, пераўтвараюцца і ставяцца пад кантроль Парламента;

12) пенітэнцыярная (турэмная) сістэма рэфармуецца з улікам міжнародных і еўрапейскіх стандартаў.

Названыя пераўтварэнні суправаджаюцца абнаўленнем заканадаўства і, перш за ўсё, крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і крымінальна-выканаўчага, адміністрацыйнага і адміністрацыйна-працэсуальнага; прымаецца пакет новых законаў аб судах і праваахоўных органах.

Рэформа праходзіць у тры этапы: падрыхтоўчы, пераходны і заключны (у межах 4-5 гадоў).

Кантроль за правядзеннем рэформы ускладаецца на парламенцка-ўрадавую камісію, якая дзейнічае на падставе зацверджанай Парламентам праграмы.

***

НОВАЯ РЭДАКЦЫЯ КАНЦЭПЦЫІ СУДОВА-ПРАВАВОЙ РЭФОРМЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

Неабходнасць рэформы

У цяперашні час суды практычна цалкам страцілі сваю незалежнасць і самастойнасць. Асноўнай прычынай такога становішча паслужыла тое, што практычна ўсе суддзі прызначаюцца на пасаду прэзідэнтам. Акрамя таго, перасоўванне суддзяў па службе, прысваенне ім класных чыноў робіцца на падставе прэзідэнцкіх указаў.

Наяўнасць залежнасці суддзяў ад кіраўніка дзяржавы і падпарадкаваных яму органаў стварае перадумовы для ўмяшання ў дзейнасць па выкананні правасуддзя. Гэта, у прыватнасці, выяўляецца ў падвышанай абароне судамі дзяржаўных інтарэсаў на шкоду інтарэсам грамадзян, а таксама юрыдычных асоб.

Судовыя працэсы па крымінальных справах, а таксама па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях стала насіць яскрава выражаны абвінаваўчы характар. Ахвярамі судовага самавольства нярэдка становяцца апаненты дзейнай улады, а таксама праваабаронцы, грамадскія актывісты.

***

Мэты і напрамкі рэформы

З улікам таго, што сістэма судоў і праваахоўных органаў засталася ў сваёй аснове нязменнай і тое, што палажэнні Канцэпцыі судова-прававой рэформы 1992 года не былі ўвасоблены ў жыццё, мэты судова-прававой рэформы павінны быць ранейшымі, а менавіта: 1) стварэнне новай сістэмы судоў і праваахоўных органаў; 2) забеспячэнне самастойнасці і незалежнасці судоў; 3) прыняцце новага заканадаўства.

Асноўнымі напрамкамі рэформы з’яўляюцца: 1) стварэнне новай сістэмы судоў; 2) змяненне парадку фарміравання судоў; 3) узмацненне гарантый незалежнасці судоў і суддзяў; 4) павышэнне ролі органаў судзейскага самакіравання; 5) пераўтварэнне органаў дазнання і папярэдняга следства; 6) рэарганізацыя пракуратуры; 7) забеспячэнне аўтаномнага статусу адвакатуры і натарыята; 8) рэарганізацыя органаў унутраных спраў i органаў дзяржаўнай бяспекi; 9) рэфармаванне пенітэнцыярнай сістэмы; 10) прыняцце новага заканадаўства.

***

Судовая сістэма

Новая сістэма судоў павінна складацца з судоў агульнай юрысдыкцыі, спецыялізаваных судоў і Канстытуцыйнага суда.

Суды агульнай юрысдыкцыі павінны ўключаць у сябе: міжраённыя (акруговыя) суды; абласныя (Мiнскi гарадскi) суды; Вярхоўны суд.

Міжраённыя (акруговыя) суды ствараюцца ў судовых акругах з улікам адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ладу рэспублікі, колькасці насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, і меркаванай нагрузкі суддзяў. Яны павінны быць прыкладна аднолькавымі па колькасці суддзяў (акрамя буйных гарадоў, дзе колькасць суддзяў можа быць вышэй у залежнасці ад іх нагрузкі).

Міжраённыя (акруговыя) суды разглядаюць справы па першай інстанцыі ў складзе аднаго суддзі; трох суддзяў; трох суддзяў і калегіі прысяжных засядацеляў.

Абласныя (Мiнскi гарадскi) суды выступаюць пераважна ў якасці судоў другой інстанцыі. Іх асноўнае прызначэнне павінна складацца у праверцы судовых пастаноў, якія не ўступілі ў законную сілу.

Пры змене адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання краіны абласныя (Мiнскi гарадскi) суды падлягаюць пераўтварэнню ў апеляцыйныя суды.

Вярхоўны суд выступае ў якасці суда нагляднай інстанцыі ў дачыненні да ўсіх судоў агульнай юрысдыкцыі, а таксама ў якасці другой інстанцыі ў дачыненні да прысудаў, вынесеных абласнымі (Мінскім гарадскім) судамі.

У дзейнасці агульных судоў павінна атрымаць развіццё спецыялізацыя суддзяў. У складзе міжраённых (акруговых) судоў могуць быць уведзеныя пасады суддзяў па разглядзе адміністрацыйных спрэчак, па справах непаўналетніх, па працоўных спрэчках, іншых катэгорыях спраў.

Пры неабходнасці ў складзе міжраённых (акруговых) судоў могуць уводзіцца пасады міравых (участковых) суддзяў для разгляду адносна простых катэгорый грамадзянскіх спрэчак, а таксама спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Для больш эфектыўнага ўдзелу грамадзян у ажыццяўленні правасуддзя і павышэння даверу да судоў ствараецца суд з удзелам прысяжных засядацеляў.

У новых умовах падлягаюць аднаўленню суды па гаспадарчых справах. Такое рашэнне прадыктавана тым, што адсутнічалі законныя падставы для аб’яднання гаспадарчых і агульных судоў у адно судовае ведамства. Акрамя таго, маецца неабходнасць у стварэнні спецыялізаваных судоў для вырашэння гаспадарчых спрэчак і іншых супярэчнасцяў, звязаных з развіццём прадпрымальніцтва.

Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці гаспадарчых судоў вызначаюцца ў законе.

На аснове новага заканадаўства ствараецца Канстытуцыйны суд, які закліканы ажыццяўляць кантроль за адпаведнасцю ўсіх нарматыўных актаў Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, а таксама вырашаць іншыя пытанні, вызначаныя ў Канстытуцыі і законах Рэспублікі Беларусь.

Склад Канстытуцыйнага суда абіраецца Парламентам з ліку юрыстаў, якія маюць, як правіла, навуковую ступень. Кандыдатуры для выбрання прапануюцца дэпутацкімі групамі, Урадам, органамі судовай супольнасці, юрыдычнымі арганізацыямі і ўстановамі. Агульная колькасць членаў Канстытуцыйнага суда не павінна перавышаць 9. Тэрмін іх паўнамоцтваў – пяць гадоў з правам наступнага пераабрання.

У якасці суб’ектаў, упаўнаважаных звяртацца ў Канстытуцыйны суд, мае права выступаць: Старшыня Парламента, Прэзідыум Парламента, групы дэпутатаў у колькасці не менш за 30 чалавек, Урад, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Генеральны пракурор, Упаўнаважаны па правах чалавека, мясцовыя органы самакіравання, палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі іх правы і свабоды парушаюцца ў нарматыўных актах, выдадзеных дзяржаўнымі органамі або службовымі асобамі. Канстытуцыйная скарга павінна адпавядаць усталяванай форме. Прадстаўляць інтарэсы грамадзяніна ў Канстытуцыйным судзе павінен адвакат або дыпламаваны юрыст.

***

Парадак фарміравання судоў

Суддзі вышэйшых судоў выбіраюцца Парламентам на альтэрнатыўнай аснове тэрмінам на пяць гадоў. Старшыні і намеснікі вышэйшых судоў выбіраюцца на пасяджэннях суддзяў гэтых судоў на 2,5 гады з правам паўторнага перавыбрання.

Суддзі вышэйшых судоў маюць права прэтэндаваць на перавыбранне на новы тэрмін. Вызваленне гэтых суддзяў ад пасады можа рабіцца па ініцыятыве Рэспубліканскага савета суддзяў на падставе пастановы Парламента.

Суддзі абласных (Мінскага гарадскога) судоў, суддзі гаспадарчых судоў абласцей (г.Мінска) абіраюцца на пасяджэннях адпаведных органаў самакіравання па рэкамендацыі супольнасці суддзяў тэрмінам на чатыры гады.

Суддзі міжраённых (акруговых) судоў выбіраюцца на сумесных пасяджэннях раённых (гарадскіх) прадстаўнічых органаў па рэкамендацыі рэгіянальнай судзейскай супольнасці абласнога ўзроўню.

Прэтэндэнтам на пасаду суддзі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 25 гадоў, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаж па юрыдычнай спецыяльнасці не менш за тры гады, які здаў кваліфікацыйны экзамен і ўключаны ў Рэестр кандыдатаў на пасаду суддзі.

***

Органы папярэдняга расследавання

У названай сферы:

– Скараціць пералік органаў і службовых асоб, якія ўваходзяць у сістэму органаў дазнання;

– Скасаваць працэдуру паскоранага вядзення па крымінальных справах (раздзел 47 КПК);

– Стварыць на базе Следчага камітэта пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Следчы камітэт у складзе Пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

***

Пракуратура

У гэтай сферы:

-вызваліць пракуратуру ад выканання функцыі агульнага нагляду, выключыўшы адпаведныя палажэнні з Канстытуцыі і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь»;

– Вызваліць органы пракуратуры ад выканання функцыі каардынацыі дзеянняў у барацьбе са злачыннасцю;

– Уключыць у склад Пракуратуры на правах дэпартамента Следчы камітэт.

***

Адвакатура

У гэтай сферы:

– Адмяніць ліцэнзійны парадак ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, абмежаваўшыся здачай кваліфікацыйнага іспыту;

– Дазволіць свабодны выбар арганізацыйна-прававых формаў дзейнасці адвакатаў;

– Даць адвакатам права аб’ядноўвацца ў рэспубліканскія і тэрытарыяльныя арганізацыі;

– Перагледзець паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі ў дачыненні да тэрытарыяльных арганізацый адвакатаў, выключыўшы магчымасць рэгулявання іх дзейнасці і прыцягнення адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці;

– Стварыць муніцыпальныя юрыдычныя кансультацыі за кошт датацый з бюджэтных сродкаў і іншых крыніц.

***

Натарыят

У гэтай сферы:

– Прадугледзець права натарыусаў ствараць свае самастойныя супольнасці;

– Прыняць новы Закон «Аб натарыяце ў Рэспубліцы Беларусь».

***

Служба судовых экспертыз

У гэтай сферы:

– На базе Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз стварыць дзяржаўную ўстанову «Рэспубліканскі інстытут судовых экспертыз» і сетку экспертных устаноў у рэгіёнах;

– Прыняць Закон «Аб судова-экспертнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

***

Міністэрства юстыцыі і падпарадкаваныя яму органы (арганiзацыi)

У гэтай сферы:

– Выключыць са сферы вядзення Міністэрства ажыццяўленне законапраектнай дзейнасці і ўскласці гэтую функцыю на дзяржаўную ўстанову «Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў” (гэту ўстанову трэба перапрацаваць і паставіць пад кантроль парламента.- Аўт.);

– Выключыць са сферы вядзення Міністэрства паўнамоцтвы, якія дазваляюць яму ўмешвацца ў дзейнасць калегій адвакатаў, уносіць прадстаўленні аб прыцягненні адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці, атрымліваць ад адвакатаў звесткi, звязаныя з выкананнем заканадаўства аб адвакацкай дзейнасці;

– Выключыць з сферы дзейнасці Міністэрства складанне пратаколаў і разгляд спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях “у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.

***

Міністэрства ўнутраных спраў і яго органы на месцах

У гэтай сферы:

– Правесці скарачэнне штатнай колькасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да ўзроўню, прынятага ў еўрапейскіх краінах, а таксама перавесці частку штатнага складу ў катэгорыю грамадзянскіх служачых;

– Рэарганізаваць і скараціць унутраныя войскі (у межах асобнай брыгады), перападпарадкаваць іх непасрэдна Міністру ўнутраных спраў;

– Вывесці са складу МУС Дэпартамэнт выканання пакаранняў разам з канвойнымі і ахоўнымі падраздзяленнямі і стварыць на яго аснове Дзяржаўны камітэт па выкананні пакаранняў (ДКВН);

– Рэарганізаваць і скараціць колькасць супрацоўнікаў Дэпартамента аховы, Упраўлення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі;

– Спыніць выкарыстанне органаў унутраных спраў для вырашэння ўнутрыпалітычных задач, у тым ліку для разгону мірных акцый пратэсту.

***

Органы дзяржаўнай бяспекі

У гэтай сферы:

– Звузіць задачы і напрамкі дзейнасці органаў дзяржаўнай бяспекі;

– Выключыць функцыю палітычнага вышуку і контрразведвальнай дзейнасці ў дачыненні да палітычных партый, рухаў, арганізацый, грамадскіх актывістаў;

– Перадаць следчы апарат у падпарадкаванне Следчага камітэта і выключыць магчымасць распачынання крымінальных спраў аб злачынствах, якiя не аднесены да кампетэнцыі органаў КДБ;

– Усталяваць парламенцкі кантроль за дзейнасцю органаў дзяржаўнай бяспекі:

– Стварыць Службу нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (СНБ) на правах дзяржаўнага камітэта.

***

Сістэма ўстаноў выканання крымінальных пакаранняў

У гэтай сферы:

– Пераўтварыць Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь у Дзяржаўны камітэт па выкананні пакаранняў (скарочана – ДКВН);

– Прывесці крымінальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання з вязнямі і іншымі міжнароднымі стандартамі ў названай сферы;

– Стварыць парламенцкую камісію па пытаннях рэфармавання сістэмы пенітэнцыярных устаноў і ажыццяўленню кантролю за выкананнем правоў асуджаных;

– Рэканструяваць дзеючыя і пабудаваць новыя пенітэцыярныя ўстановы з улікам патрабаванняў, што прад’яўляюцца да месцаў адбывання крымінальных пакаранняў;

– Заснаваць у складзе агульных судоў па месцы знаходжання пенітэнцыярных устаноў пасаду суддзі па рашэнні пытанняў, звязаных з выкананнем крымінальных пакаранняў і разгляду скаргаў асуджаных;

– Павысіць эфектыўнасць дзейнасці наглядальных камісій пры мясцовых выканаўчых органах, а таксама якасць пракурорскага нагляду за выкананнем правоў асуджаных у месцах пазбаўлення волі;

– На ўрадавым узроўні прыняць праграму рэсацыялізацыі асоб, якія адбылі крымінальныя пакаранні.

***

Рэформы заканадаўства

У сферы судовага ладу:

– Прадугледзець ўключэнне ў Канстытуцыю і Закон «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспублікі Беларусь» нормаў, якія замацоўваюць судовую сістэму і парадак фарміравання судоў;

– Увесці абранне ўсіх суддзяў на пэўную колькасць гадоў.

У сферы крымінальнага заканадаўства:

– Прыняць новы Крымінальны кодэкс, заснаваны на прынцыпах гуманізму і дэмакратызму;

– Выключыць такі від пакарання як смяротнае пакаранне, пакінуўшы ў якасці выключнай меры пакарання пажыццёвае пазбаўленне волі;

– Адмяніць крымінальную адказнасць за здзяйсненне дзеянняў, уключаных у Крымінальны кодэкс з мэтай абароны палітычных інтарэсаў, хто ва ўладзе, а менавіта: «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці» (арт.193-1); «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт.367); «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (ст.368); «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369); «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (ст.369-1); «Атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь» (ст.369-2); «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» (ст.369-3);

– Выключыць у якасці меры пакарання канфіскацыю маёмасці, бо яна супярэчыць праву на ўласнасць і робіць замах на правы іншых асоб;

– Выключыць прыкмету паўторнасці здзяйснення злачынства ў якасці кваліфікацыйнай прыкметы, якая ўтварае асобны склад злачынства.

***

У сферы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства:

– Скараціць пералік дзяржаўных органаў і службовых асоб, упаўнаважаных на правядзенне дазнання;

– Выключыць такую форму расследавання злачынстваў, як паскораная вытворчасць;

– Прадугледзець судовы парадак атрымання санкцыі на заключэнне асоб пад варту, а таксама на правядзенне следчых дзеянняў, звязаных з замахам на ахоўваемыя Канстытуцыяй правы і свабоды грамадзян;

– Пашырыць кола асоб, якія маюць права выступаць у якасці абаронцаў па крымінальных справах, па выбары падазраванага (абвінавачанага);

– Увесці стадыю папярэдняга слухання крымінальнай справы з мэтай удакладнення кола асоб, якія падлягаюць выкліку ў судовае пасяджэнне, заявы хадайніцтваў, вырашэння іншых пытанняў, звязаных з разглядам справы;

– Адмяніць абавязак суда знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, сабранымі ў перыяд папярэдняга расследавання, усклаўшы абавязак прадстаўлення доказаў па крымінальнай справе на дзяржаўнага абвінаваўцы;

– Скасаваць інстытут народных засядацеляў і ўвесці пашыраны склад суддзяў пры разглядзе крымінальных спраў аб цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах;

– Прадугледзець суд з удзелам прысяжных засядацеляў па справах аб злачынствах, за здзяйсненне якіх устанаўліваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш пяці гадоў, калі абвінавачаны не прызнае сябе вінаватым і настойвае на ўдзеле прысяжных засядацеляў;

– Усталяваць апеляцыйны парадак праверкі прысудаў па скарзе абвінавачанага, яго абаронцы, пацярпелага, грамадзянскага істца, грамадзянскага адказчыка і іх прадстаўнікоў;

– Выключыць з КПК раздзел 49 «Вытворчасць па крымiнальных справах у дачыненні да асобных катэгорый асоб», бо ён прадугледжвае неабгрунтаваныя выключэнні з агульных правілаў крымінальнага працэсу ў дачыненні да шэрагу службовых асоб;

– Выключыць з КПК таксама раздзел 49-1 «Вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да падазраванага (абвінавачанага), з якім заключана дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве», бо яго нормы ўступаюць у супярэчнасць з асноўнымі прынцыпамі крымінальнага судаводства.

***

У сферы заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях:

– Прыняць новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, заснаваны на прынцыпах разумнасці і гуманнасці;

– Выключыць з ліку суб’ектаў адміністрацыйных правапарушэнняў юрыдычных асоб;

– Дазволіць прымяненне адміністрацыйнага арышту ў выключных выпадках, калі не ўяўляецца магчымым прымянення іншай меры спагнання;

– Выключыць такі від адміністрацыйнага спагнання як папраўчыя работы.

***

У сферы адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства:

– На аснове Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях падрыхтаваць і прыняць Адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс, уключыўшы ў яго раздзел аб парадку выканання рашэнняў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў;

– Даць асобам, прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці, права мець свайго прадстаўніка;

– Усталяваць парадак, пры якім рашэнне любога органа і службовай асобы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, можа быць абскарджана ў судовым парадку;

– Увесці пасады суддзяў па адміністрацыйных спрэчках для вырашэння спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама для праверкі законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў іншых органаў і службовых асоб аб адміністрацыйнай адказнасці.

***

У сферы крымінальна-выканаўчага заканадаўства:

– Падрыхтаваць новы Крымінальна-выканаўчы кодэкс з улікам міжнародных стандартаў і перадавога замежнага вопыту;

– Праца зняволеных не павінна быць абавязкам і падставай для прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння.

***

ЭТАПЫ ПРАВЯДЗЕННЯ РЭФОРМЫ

Рэалізацыя рэформы праводзіцца ў тры этапы.

На першапачатковым этапе (2-3 гады):

– Прымаюцца новыя законы аб судах і іншых праваахоўных органах,

– Уносяцца адпаведныя змены і дапаўненні ў шэраг кодэксаў,

– Праводзіцца пераатэстацыя суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў;

– Фармуецца новы склад Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь;

– Узнаўляецца сістэма гаспадарчых судоў;

– Фармуецца асноўнае звяно агульных судоў па акругах;

– Ствараюцца суды з удзелам прысяжных засядацеляў пры разглядзе крымінальных спраў у абласных (Мінскім гарадскім) судах і Вярхоўным судзе.

На пераходным этапе (1-2 гады):

– Уводзіцца новы парадак фарміравання судоў (шляхам выбрання) і абнаўляецца склад суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў,

– Суд надзяляецца правам даваць санкцыі на заключэнне асоб пад варту, а таксама на правядзенне следчых дзеянняў, звязаных з замахам на канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян,

– Ствараецца суд з удзелам прысяжных засядацеляў пры ўсіх агульных судах і скасоўваецца інстытут народных засядацеляў,

– Развіваецца спецыялізацыя суддзяў у агульных і гаспадарчых судах, а пры неабходнасці ствараюцца спецыялізаваныя калегіі судоў,

– Пры неабходнасці абласныя (Мiнскi гарадскi) суды пераўтворацца ў апеляцыйныя суды.

На заключным этапе:

– Завяршаецца фарміраванне новай сістэмы судоў,

– Праводзіцца рэарганізацыя праваахоўных органаў, у тым ліку органаў дазнання і следства, пракуратуры,

– Пашыраецца сфера судовага кантролю за дазнаннем і папярэднім следствам,

– Павышаецца прэстыжнасць судовай прафесіі, забяспечваецца рэальная незалежнасць суддзяў і судоў.

***

КАНТРОЛЬ ЗА ПРАВЯДЗЕННЕМ РЭФОРМЫ

Парламент прымае пастанову аб зацвярджэнні Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь.

У мэтах рэалізацыі Канцэпцыі ствараецца Дзяржаўная камісія па рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі. Яна распрацоўвае Праграму рэалізацыі Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь і ажыццяўляе кантроль за яе правядзеннем.

Дадатковы кантроль за ходам ажыццяўлення судова-прававой рэформы ажыццяўляюць адпаведныя камісіі Парламента і Урад. Перыядычна гэтае пытанне ўключаецца ў парадак дня сесіі Парламента.

Кароткая інфармацыя пра аўтара: Міхаіл Іванавіч Пастухоў

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў горадзе Суражы Бранскай вобласці (Расія). У 1975 г. паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1980 годзе пасля заканчэння ўніверсітэта працягнуў вучобу ў аспірантуры пры БДУ. У 1983 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме: «Апраўданне падсудных: працэсуальна-прававыя аспекты».

Са снежня 1983 г. — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук Беларусь.

У студзені 1985 г. залічаны выкладчыкам на Вышэйшыя курсы КДБ СССР у г.Мінску. Займаў пасады выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта, намесніка начальніка навукова-даследчага аддзела.

Прымаў удзел у падрыхтоўцы шэрагу заканадаўчых актаў: Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспублікі Беларусь 1992 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» 1994 г. за заслугі ў заканатворчай дзейнасці ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ў красавіку 1994 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь».

У снежні 1993 г. абараніў доктарскую дысертацыю па тэме: «Рэабілітацыя асоб, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці: асновы прававога інстытута».
У красавіку 1994 г. абраны ў склад Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.

Пасля рэферэндуму 1996 году адмовіўся прызнаць новую рэдакцыю Канстытуцыі, і быў вызвалены ад пасады прэзідэнцкім указам. Прайшоўшы нацыянальныя судовыя інстанцыі, звярнуўся са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. У рашэнні ад 5 жніўня 2005 Камітэт прызнаў факт парушэння ўладамі Беларусі агульнапрызнаных правоў у дачыненні да М.І.Пастухова. Аднак рашэнне не было выканана.

З лютага 1997 г. — на выкладчыцкай працы ў прыватных ВНУ Беларусі.

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прымаў удзел у шэрагу судовых працэсаў па абароне правоў журналістаў. За актыўную праваабарончую дзейнасць ў 1998 годзе быў адзначаны міжнароднай прэміяй урада ЗША і Еўрапейскага Саюза «За развіццё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці».

У перыяд з мая 2012 па май 2013 годзе быў кіраўніком экспертнай групы па пытаннях мадэрнізацыі судоў і праваахоўных органаў Беларусі ў рамках ініцыятывы Еўрапейскага Саюза пад назвай «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі Беларусі». Па выніках працы групай была прадстаўлена праграма першачарговых мер у гэтай сферы. Аднак у наступным ініцыятыва была заблакаваная ўрадавым бокам.

Пераклад Krynica.info

Болей навін