Пачаўся анлайн-збор подпісаў за чыстую ваду ў Мінску
У інтэрнэце пачаўся анлайн-збор подпісаў “За чыстую ваду”. Збор праходзіць на платформе Zvarot.by, на якой кожны пастаўлены подпіс мае юрыдычную значнасць, паведаміў кіраўнік ініцыятывы “Наша Кунцаўшчына” і адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.
“Пачаўся анлайн-збор подпісаў за вырашэнне праблемы дрэннай якасці водаправоднай вады ў Фрунзенскім, Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах Менска. Прашу вылучыць адну хвіліну свайго часу і падпісаць зварот усіх, хто хоча хоць неяк наблізіць той час, калі водаправодная вада ў Менску перастане атручваць нашае здароўе!” – адзначыў ён.
Аўтары звароту просяць паскорыць працэс праектавання і будаўніцтва аб’екта «Перавод г.Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц» і павялічыць яго фінансаванне для выканання работ у тэрмін да 2020 года, паведаміць, як праводзілася Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада» за 2011 -2015 гады, падаць план мерапрыемстваў, аб’ёмаў і крыніц фінансавання па рэалізацыі аб’екта, а дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Мінгарсавет – пры планаванні і зацвярджэнні рэспубліканскага і гарадскога бюджэту на 2017-2020 гады прыняць пад увагу неабходнасць фінансавання аб’екта.